«Паводле гэтай Канстытуцыі дэмакратыі быць ня можа»

Ці адпавядае дзейная беларуская Канстытуцыя нормам дэмакратычнага разьвіцьця грамадзтва? Ці ёсьць агульная згода ў дэмакратычных сілаў наконт таго, у якім рэчышчы мае адбыцца будучая канстытуцыйная рэформа? На гэтыя пытаньні адказвае юрыст, палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: «Пасьля таго як у Беларусі адбудзецца зьмена ўлады, што давядзецца рабіць зь цяперашняй Канстытуцыяй? Ці здолее яна адпавядаць патрэбам больш дэмакратычнай структуры ўлады?»

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў: «Безумоўна, цяперашняя Канстытуцыя ня можа служыць асновай для існаваньня дэмакратычнай прававой дзяржавы. У Канстытуцыі, наадварот, замацаваны неправавы характар улады. Напрыклад, найбольш яскравая норма пра тое, што ў выпадку супярэчнасьці паміж законам і ўказам прэзыдэнта дзейнічае ўказ прэзыдэнта. Гэта зводзіць на нішто падставовыя прынцыпы прававой дзяржавы і законнасьці.

Вядома, таксама вялікае значэньне мае і фактычная адсутнасьць падзелу ўлады, замацаваная ў беларускай Канстытуцыі. Таму – паводле гэтай Канстытуцыі дэмакратычная палітычная сыстэма існаваць ня можа».

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: «Ці ёсьць згода ў асноўных беларускіх дэмакратычных сілаў наконт таго, як будзе выглядаць канстытуцыйная рэформа? Адны кажуць, што трэба проста вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, іншыя – што трэба прыняць новы Асноўны Закон. Ці можа тут быць нейкая агульная пазыцыя?»

Чавусаў: «Гэта сур'ёзная праблема. У Беларусі ёсьць досьвед рэформы 90-х гадоў, які, на жаль, ня можа служыць натхняльным прыкладам таго, што можна ісьці эвалюцыйным шляхам. Мы памятаем, што ў БССР спачатку адбылася перабудова, дэмакратызацыя, адбываліся першыя часткова свабодныя выбары, а пасьля ўжо пачаўся працэс канстытуцыйнага будаўніцтва.

Зь іншага боку, трэба адрозьніваць Канстытуцыю як нарматыўна-прававы акт і Канстытуцыю як прадукт грамадзкага кампрамісу. Беларускія дэмакратычныя сілы прыйшлі ў свой час да згоды адносна гэтага пытаньня. У 2007 годзе Кангрэсам дэмакратычных сілаў была прынятая так званая «малая Канстытуцыя» – дакумэнт, які ў пераходны пэрыяд павінен рэгуляваць дзейнасьць дзяржаўных органаў, арганізацыю выбараў, працэс распрацоўкі новай канстытуцыйнай мадэлі. У гэтым сэнсе досьвед у дэмакратычных сілаў адносна дасягненьня згоды ў гэтым пытаньні, вядома, ёсьць».