Нацбанк: крэдыт прасіць будзем

Беларускія ўлады зьбіраюцца зноў прасіць крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду.
Гэтае пытаньне старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова будзе ўздымаць 15 сакавіка падчас сустрэчы зь місіяй МВФ у Менску.

Надзея Ермакова

«Але гэта нерэальна, каб зь імі дамовіцца», — заявіла на прэс-канфэрэнцыі Ермакова, перадае Інтэрфакс.

Яна паскардзілася, што «мы кожны раз падымаем гэтую тэму, але яны кожны раз яе прыгожа абыходзяць».

З 14 па 25 сакавіка ў Менску знаходзіцца аглядная місія МВФ.

Раней беларускія ўлады заяўлялі, што Эўразьвяз і ЗША, якія захоўваюць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, блякуюць вылучэньне Менску новых крэдытаў МВФ па палітычных матывах.

Крэдыт stand-by на $3,5 млрд. Беларусь атрымала ад МВФ у пэрыяд са студзеня 2009 года па красавік 2010 года.