Супраць КНДР — новыя санкцыі

Сябры Рады бясьпекі ААН галасуюць за ўзмацненьне санкцыяў ў дачыненьні да КНДР

Рада бясьпекі ААН у чацьвер аднагалосна падтрымала ўвядзеньне новых санкцыяў супраць Паўночнай Карэі пасьля праведзенага ў мінулым месяцы гэтай краінай новага ядзернага выпрабаваньня.
Праект рэзалюцыі падрыхтавалі для галасаваньня кітайскія і амэрыканскія дыпляматы. Санкцыі разьлічаныя на тое, каб абцяжарыць Пхеньяну фінансаваньне яго ядзернай праграмы, а таксама перашкодзіць забесьпячэньню неабходнымі матар’яламі паўночнакарэйскіх спэцыялістаў.

Сталы прадстаўнік Злучаных Штатаў пры ААН С’юзан Райс адзначыла, што новыя захады прывядуць да яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі КНДР і стануць для яе «адчувальным ударам». Камэнтуючы зробленую раней у чацьвер Пхэньянам заяву аб гатовасьці нанесьці папераджальны ядзерны ўдар па ЗША, Райс сказала, што «пагрозамі і правакацыямі Пхеньян нічога не даможацца».

Кітай, які падтрымлівае трывалыя сувязі з КНДР, падкрэсьлівае, што зацікаўлены ў зьніжэньні напружанасьці вакол ядзернай праграмы Пхеньяну і вырашэньні сытуацыі шляхам перамоваў.