Лукашэнка па Чавэсу плача, але на пахаваньне не ляціць

Прыспушчаны сьцяг над будынкам Менскага абласнога выканаўчага камітэту

Па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі ў Каракас для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах у сувязі са сьмерцю Уга Чавэса накіруецца афіцыйная дэлегацыя ў складзе кіраўніка спраў прэзыдэнта, сустаршыні беларуска-вэнэсуэльскай камісіі высокага ўзроўню Віктара Шэймана і першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі.
Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі і прадстаўнікоў міжнароднай грамадзкасьці ў сувязі са сьмерцю Уга Чавэса.

«Мы, ня стрымліваючы сьлёз, смуткуем разам з вэнэсуэльскім народам, аплакваючы заўчасны скон Уга Чавэса, — гаворыцца ў звароце. — У асобе Уга Чавэса мы страцілі блізкага чалавека і лепшага сябра, які горача любіў Беларусь і заўсёды працягваў нам руку дапамогі ў цяжкую хвіліну».

Лукашэнка пакляўся ўвасобіць «сумесныя задумы і пляны ў жыцьцё».

Таксама ў прэс-службе прэзыдэнта паведамілі, што Беларусь далучылася да жалобных мерапрыемстваў.

Ад 6 гадзіны раніцы цягам трох дзён будуць прыспушчаныя сьцягі над будынкамі прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі і іншых дзяржустановаў. Усім тэле- і радыёканалам рэкамэндавана выключыць з эфіру забаўляльныя перадачы.

Лукашэнка накіраваў асабістыя пасланьні сваякам Чавэса і афіцыйным асобам Вэнэсуэлы.