Лазавік просіцца ў Эўропу

Мікалай Лазавік

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік сёньня ў Менску на сустрэчы з дэлегацыяй Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ заявіў, што ЦВК гатовая да далейшага дыялёгу з самай уплывовай структурай у выбарчай галіне.
«Але ж нам даволі цяжка патрапіць у офіс БДІПЧ АБСЭ нават у Варшаву. Усе суразмоўцы з нашага боку неўязныя ў краіны Эўразьвязу. Так што тут ёсьць пэўныя цяжкасьці».

Пасьля гэтага, як паведаміў карэспандэнту Свабоды спадар Лазавік, адбылася перадача сьпісу неўязных чыноўнікам БДІПЧ:

«Я нават перадаў прадстаўнікам Бюро АБСЭ сьпіс усіх неўзяных беларускіх грамадзянаў. Тых людзей, якія ўнесеныя ў чорны сьпіс і ня маюць права ўезду на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу»

Упершыню пасьля парлямэнцкіх выбараў 2012 году Беларусь наведвае дэлегацыя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Экспэрты гэтай арганізацыі хочуць даведацца пра рэакцыю ўладаў Беларусі на крытычныя заўвагі, якія былі выкладзеныя ў канчатковай справаздачы місіі, якая працавала ў Беларусі падчас леташніх выбараў.

У складзе дэлегацыі дзьве супрацоўніцы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. Тацьцяна Багусевіч — старэйшая дарадчыца, Лусінэ Бадалян — дарадчыца.

Пасьля сустрэчы з кіраўніцтвам Цэнтарвыбаркму супрацоўнікі БДІПЧ накіраваліся на размову з дэпутатамі Нацыянальнага сходу.