Чавэс праходзіць курс хіміятэрапіі

Уга Чавэс

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс знаходзіцца ў бадзёрым настроі, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы зь ягоным здароўем.
Аб гэтым заявіў віцэ-прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура, адзначыўшы, што Чавэс праходзіць курс хіміятэрапіі.

Мадура абверг чуткі пра сьмерць Чавэса, абвінаваціўшы апазыцыйныя партыі і некаторыя СМІ, якія базуюцца за мяжой, у «спробах падарваць стабільнасьць у краіне». Учора ў вайсковым шпіталі Каракасу, дзе праходзіць лячэньне Чавэс, адбылася каталіцкая імша, удзельнікі якой маліліся за здароўе кіраўніка дзяржавы. Чавэс у лютым вярнуўся на радзіму з Кубы, дзе на працягу двух месяцаў праходзіў курс лячэньня ад раку. У кастрычніку Уга Чавэс быў пераабраны прэзыдэнтам на шасьцігадовы тэрмін. Аднак з-за хваробы цырымонія ягонай інаўгурацыі была адкладзеная.