Сяргей Гайдукевіч зноў хоча быць кандыдатам

Сяргей Гайдукевіч

Намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч заявіў, што на чарговым партыйным зьезьдзе ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч будзе абвешчаны кандыдатам у прэзыдэнты.
Алег Гайдукевіч паведаміў, што ўчора ЛДПБ перадала ў Міністэрства юстыцыі сьпіс з 45 251 сябра партыі. Ён выказаў перакананьне, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году асноўная барацьба разгорнецца паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Сяргеем Гайдукевічам.

Галоўным лёзунгам зьезду, які пройдзе 20 красавіка, Алег Гайдукевіч назваў — «ЛДП заўжды ў цэнтры»:

«Мы прабеларуская партыя, і мы ніколі ня пойдзем на тое, каб Беларусь страціла сувэрэнітэт. Мы хочам, каб грамадзяне Беларусі жылі добра, жылі ў сваёй краіне і нікуды не зьяжджалі. Мы падтрымліваем беларускую мову і ў сваіх бліжэйшых кантактах за мяжой будзем выкарыстоўваць менавіта беларускую мову», — сказаў Алег Гайдукевіч.

Сяргей Гайдукевіч быў кандыдатам на выбарах прэзыдэнта 2001 і 2006 гадоў. Абодва разы ён быў адзіным супернікам Лукашэнкі, які на наступны дзень у першых шэрагах віншаваў яго зь перамогай.

_____________________________________________

Палітоляг з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Роўда адзначае:

«Мне дзіўна чуць пра прабеларускія пазыцыі ЛДП. Яшчэ незадоўга да апошніх парлямэнцкіх выбараў на іхнім афіцыйным сайце партыя пазыцыянавала сябе як адзіная сярод усіх апазыцыйных партыяў прарасейская сіла ў Беларусі. Мабыць, яны лічылі, што пасьля гэтага Масква падкіне ім пэўную суму грошай на выбарчую кампанію.

Апошнія заявы лідэраў ЛДП пра беларускую мову — гэта добра. Але я баюся, ці сапраўды гэтыя словы шчырыя. Хутчэй гэта такі флірт з дэмакратыяй. Але ў дэмакратычных партыях ёсьць людзі, якія памятаюць, што Сяргей Гайдукевіч пачынаў сваю палітычную кар’еру яшчэ ў часы Вячаслава Кебіча, калі ствараў Народны рух Беларусі супраць Беларускага народнага фронту.

Старэйшы Гайдукевіч некалькі разоў удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. І мы цудоўна ведаем іхнія вынікі. У Беларусі сапраўдных выбараў даўно няма. Таму ніводны палітык, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, перамагчы ў такіх умовах ня можа».