«Бацькаўшчына» склікае шосты зьезд беларусаў сьвету

Пяты зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», 2009 год

Форум беларускай дыяспары і мэтраполіі заплянаваны на ліпень.
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ладзіць зьезды раз на чатыры гады, пачынаючы з 1993 году. На Першым зьезьдзе сабралася больш за тысячу дэлегатаў зь беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі. Як паведамляе прэсавая служба арганізацыі, чакаецца, што сёлетні форум зьбярэ больш за 300 дэлегатаў з 20 краін сьвету.

Паводле рашэньня Малой Рады ЗБС «Бацькаўшчына», шосты зьезд беларусаў сьвету мае адбыцца 23–24 ліпеня ў Менску. На абмеркаваньне дэлегатаў будзе вынесеная тэма «Беларуская нацыя ва ўмовах глябалізацыі: выклікі і магчымасьці».

«У новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца і з праблемамі размываньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, зьмяншэньня цікавасьці да нацыянальнай дзейнасьці сярод моладзі, а таксама з пытаньнем адэкватнага вызначэньня далёкасяжных мэтаў існаваньня беларускіх арганізацыяў.

Гэтыя і іншыя праблемы, таксама як і новыя формы актыўнасьці асяродкаў, іх сувязяў з мэтраполіяй вартыя адмысловага асэнсаваньня і абмеркаваньня на грамадзкім і дзяржаўных узроўнях», — паведамляе прэсавая служба арганізацыі.

У рамках зьезду будуць працаваць тры сэкцыі:

1. Магчымасьці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці.

2. «Новая» і «старая» эміграцыі: супраца на карысьць нацыянальнага разьвіцьця.

3. Культурная спадчына беларускага замежжа.

Сустаршынямі аргкамітэту зьезду абраныя Радзім Гарэцкі, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская (Беларусь), Хведар Нюнька (Літва), Алег Рудакоў (Расея).