Сьмерць расейскага хлопчыка ў Тэхасе. Падрабязнасьці зь месца

Макс Шато, 3-гадовы ўсыноўлены хлопчык, памёр у невялікім мястэчку Гардэндэйл (Gardendale) штат Тэхас, у мінулым месяцы пры нявысьветленых абставінах. Гэта выклікала міжнародны скандал. Многія падрабязнасьці дагэтуль застаюцца таямніцай, мясцовыя ўлады абяцаюць неўзабаве апублікаваць пастанову аб сьмерці хлопчыка. Карэспандэнт Радыё Свабода Рычард Солаш спрабаваў разабрацца ў сытуацыі на месцы здарэньня.

Waldrop Drive у Гардэндэйл — гэта дарога, пра якую нават ня ўсе мясцовыя ведаюць. Паабапал — палі, выпаленыя сонцам дарожныя знакі. На адным зь іх яшчэ можна прачытаць: «Прыватная ўласнасьць. Тупік. Пабочным асобам уваход забаронены».

Дом у канцы дарогі належыць Лоры і Аляну Шато, двум з 1600 жыхароў мястэчка Гандэндэйл. У канцы мінулага месяца хуткая дапамога прымчалася да гэтага дому, калі трохгадовы Макс, адзін з двух прыёмных сыноў з Расеі, быў знойдзены непрытомным. Яго сьмерць выклікала скандал, і маленькі Гардэндэйл апынуўся ў эпіцэнтры міжнароднай драмы.

Дом Аляна і Лоры Шато


Расейскія чыноўнікі на гэтым тыдні абвінавацілі Лору Шато ў «забойстве», тым самым справакаваўшы сродкі масавай інфармацыі на скандал. Яны зьвязвалі выпадак зь нядаўна прынятай у Расеі забаронай на ўсынаўленьне дзяцей амэрыканцамі.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікаў не рабіць «пасьпешлівых высноваў», паколькі расьсьледаваньне працягваецца. Пакуль многае застаецца загадкай, мясцовыя ўлады рыхтуюць пастанову аб сьмерці Макса Шато. І ў справе ўсплывае шмат істотных падрабязнасьцяў вакол сьмерці і прыёмнай маці.

Сьледчая Шырлі Стэндуфэр паведаміла Радыё Свабода, што прыехала ў мэдычны цэнтар недалёка ад Гардэндэйлу пасьля таго як лекары канстатавалі сьмерць Maкса Шато ў 17:43 па мясцовым часе 21 студзеня. Яна кажа, што бачыла цела да таго, як яно было пасланае на анатамаваньне:

«Мы бачылі гузакі. У яго былі гематомы, шмат па ўсім целе. Траўма гэта або нешта іншае — я ня лекар і не магу вам сказаць».

Папярэдняя справаздача аб ускрыцьці падрыхтаваная, але пакуль не публікуецца. На фоне абвінавачваньняў Расеі і скандалу ў прэсе сьледчыя плянуюць падрыхтаваць неўзабаве канчатковую справаздачу. Вынікі ўскрыцьця пакажуць на забойства, няшчасны выпадак ці сьмерць, выкліканую натуральнымі або нявызначанымі прычынамі.

Сьледчая Шырлі Стэндуфэр



Сьледчая Стэндуфэр кажа, што размаўляла з Лорай і Алянам Шато. Паводле сьледчай, Лора плакала і дрыжэла, але адказала на пытаньні:

«Паводле маці, Макса знайшлі па-за домам. Яна ня бачыла двух хлопчыкаў, бо пайшла прыняць ванну. Яна сказала, што калі выйшла, то знайшла Макса на зямлі ў непасрэднай блізкасьці ад дзіцячай пляцоўкі — горак і арэляў».

Марк Дональдсан, шэрыф, пацьвердзіў Стэндуфэр, што атрымаў паведамленьне ад мясцовай пажарнай 21 студзеня, што машына хуткай дапамогі прыбыла ў дом Шато ў сувязі з «магчымым спыненьнем сэрца» дзіцяці. Ён таксама адмовіўся ад камэнтароў з нагоды папярэдніх вынікаў анатамаваньня. Яго офіс не выстаўляў ніякіх абвінавачваньняў па гэтай справе.

Дональдсан заявіў, што Сяргей Чумароў, старшы консул амбасады Расеі ў Вашынгтоне, наведаў яго офіс у апошнія дні.

Павел Астахаў, упаўнаважаны па правах дзяцей Расеі, запатрабаваў на гэтым тыдні, каб расейскім чыноўнікам далі магчымасьць «бачыць матэрыялы справы і прымаць удзел у крымінальным расьсьледаваньні». Дональдсан заявіў Радыё Свабода: «Гэтага не адбудзецца».

Шэрыф Марк Дональдсан



«Гэта дзіця з Тэхасу. Ён жыў у Тэхасе, ён жыў у маёй акрузе. І мяне цікавіць сьмерць гэтага дзіцяці, у маіх інтарэсах высьветліць, што адбылося. Мая праца заключаецца ў тым, каб арыштаваць, прад’явіць абвінавачваньні — калі мы бачым, што там нешта ёсьць. Калі там нічога няма, то я хачу гэта таксама даказаць. Што Расея кажа пра ўсё гэта — зусім іншая справа. Я разумею: яны думаюць, што гэтую справу хаваюць, кінулі пад канапу, і ніхто не расьсьледуе, але гэта не расьсьледаваньне па справе расейскага хлопца. Гэта расьсьледаваньне сьмерці дзіцяці з Тэхасу, якое памерла. І мы зьбіраемся выканаць нашу працу найлепшым чынам».

Тэхаская Служба абароны дзяцей (CPS) таксама ўдзельнічае ў справе. Прэс-сакратар Пол Цымэрман сказаў, што агенцтва атрымала сьведчаньні аб «фізычным гвалце і нядбайным наглядзе» за Максам Шато. Ён адмовіўся сказаць, хто выказаў гэтыя абвінавачваньні.

Мясцовыя чыноўнікі выказалі заклапочанасьць з нагоды заявы з Масквы да аб’яўленьня папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня. Стэндуфэр сказала, што «вельмі хацела б ведаць», дзе рускія атрымліваюць інфармацыю аб ускрыцьці Макса Шато, у тым ліку пра тое, што ў дзіцяці пашкоджаныя ўнутраныя органы і што ён быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў:

«Я хацела б ведаць, таму што гэта выклікае ў нас пытаньні. Я ня ведаю, ці зьяўляецца гэта прапагандай або яны проста прыдумляюць на роўным месцы, ці такім чынам яны спрабуюць справакаваць напружанасьць у адносінах паміж краінамі, я сапраўды не магу вам сказаць. Калі мы пачалі чытаць усю іх рыторыку, у нас паўстала пытаньне: „Дзе яны атрымліваюць інфармацыю?“ Гэта насамрэч сумна і страшна».

Трохгадовы Максім Кузьмін, які пры ўсынаўленьні атрымаў імя Макс, і яго малодшы брат Кірыл (Крыстафэр) былі аднымі з апошніх, каго прыёмныя бацькі пасьпелі вывезьці зь дзіцячага дому ў Пскове ў ЗША да таго, як Масква ўвяла адпаведную забарону.

Лоры Шато — каля сарака пяці. Раней выкладала эканоміку ў сярэдняй школе, прыкладна за 30 кілямэтраў ад Гардэндэйлу. Дырэктар школы Джэф Хорнэр сказаў, што яна пакінула сваю пасаду ў чэрвені 2012 году «на добрых умовах», прапрацаваўшы там больш за 5 гадоў. Ён сказаў, што Шато стала вядомая тым, што ўсынавіла дзіця з Расеі.

«Яна паказала нам дакумэнты аб усынаўленьні, — сказала Арын Томас, якая вучылася ў клясе Шато ў 2011 годзе. — Яна была вельмі рада і паказала нам фотаздымкі сваіх сыноў. Яна была адной з тых настаўніц, якія блізкія зь дзецьмі, і дзялілася сваімі асабістымі гісторыямі».

Паводле Томас, Шато сышла, каб заняцца ўсынаўленьнем дзяцей з Расеі. Шато сказала тады сваім вучням, што зьбіраецца звольніцца, каб даглядаць сваіх дзяцей, а не пакідаць іх у дзіцячым садзе, сказала Томас.

Томас таксама ўзгадала, што Шато прывяла сваіх прыёмных сыноў у школу ў канцы 2012 году.

У Гардэндэйле трое суседзяў сказалі, што сям’я Шато, як і іншыя сем’і ў акрузе, трымалася асобна. Аднак усе яны былі зьдзіўленыя, даведаўшыся, што сям’я мела дзяцей, бо ніколі ня бачылі іх. Некаторыя з апытаных мясцовых жыхароў задаваліся пытаньнем, што будзе з Крыстафэрам, другім сынам сям’і Шато.

Школа, дзе працавала Лора Шато



Цымэрман з Тэхаскай службы апекі над дзецьмі, сказаў, што Крыстафэр Шато знаходзіцца ў «бясьпецы», яго час ад часу наведваюць супрацоўнікі службы.

Амбасада ЗША ў Маскве і Дональдсан, шэрыф акругі, пацьвердзілі, што хлопчык знаходзіцца пад апекай бацькоў.

Расейскія чыноўнікі заклікалі, каб Крыстафэра Шато вярнулі ў Расею. Юлія Кузьміна, біялягічная маці Макса і Крыстафэра, зьвярнулася праз тэлебачаньне да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна 21 лютага з просьбай дапамагчы ва ўзьяднаньні яе з сынам.

Празь некалькі гадзінаў пасьля інтэрвію, Кузьміна, якую раней пазбавілі права апекі над двума сынамі з-за недагляду і празьмернага ўжываньня алькаголю, была зьнятая зь цягніка за п’яныя і непрыстойныя паводзіны, паведамляюць расейскія СМІ.