Віцебскіх актывістаў за акцыю салідарнасьці аштрафавалі

Станіслаў Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук

Судзьдзя Іна Грабоўская прызнала Станіслава Лаўрэнава і Аляксея Кішчука вінаватымі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі 16 лютага. Абодва хлопцы свае віны не прызналі.
Разгляд справы сяброў аргкамітэту партыі БХД Лаўрэнава і Кішчука распачаўся 18 лютага — пасьля таго як абодва правялі двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня. 21 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў іх штрафамі 30 базавых велічынь — інакш кажучы, па 3 мільёны з кожнага.

16 лютага актывісты разгарнулі ў цэнтры Віцебску расьцяжку са словам «Свабоду!» і паставілі побач стэнд з партрэтамі палітвязьняў. Акцыя працягвалася ўсяго пару хвілін, бо амаль адразу зьявіліся супрацоўнікі міліцыі і затрымалі актывістаў.

Лаўрэнаў і Кішчук лічаць судовае рашэньне палітычна матываваным і зьбіраюцца яго абскардзіць.

Акцыя «Свабоду палітвязьням» 16 лютага ў Віцебску