Дыскутаваць пра Беларусь у Вену паехалі дзьве дэлегацыі

Беларуская дэлегацыя на пасяджэньні АБСЭ (у цэнтры - Жана Літвіна)

Падчас сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене пройдзе дыскусія па сытуацыі ў Беларусі.
У ёй возьмуць удзел старшыня АГП Анатоль Лябедзька, былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна і дачка палітвязьня Мікалая Статкевіча Кацярына.

Афіцыйны Менск прадстаўляе дэлегацыя, у склад якой уваходзяць намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, старшыня камісіі па міжнародных справах Савета Рэспублікі Ўладзімер Сянько.

Анатоль Лябедзька распавёў у фэйсбуку, што афіцыйная дэлегацыя ляцела зь ім у адным самалёце. Зь ёй актыўна кантактаваў праваслаўны сьвятар.

«Напачатку нават падумаў, што бацюшка зьяўляецца сябрам дэлегацыi, а значыць, Вену будуць браць i словам Божым. Аднак сьвяты айцец са спадарожнiцай ляцеў бiзнэсклясай, а палатна-МЗСаўская дэлегацыя — эканомклясай. З чаго раблю выснову, што маршруты ў іх розныя. А па другое, фiнансавае самаадчуваньне РПЦ значна лепшае, чым у чыноўнiкаў».

Зь Вены Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту Свабоды, што сёньня адбудзецца дыскусія па сытуацыі з мэдыямі, у якой возьме ўдзел старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна.

На 22 лютага заплянавана дыскусія па Беларусі, падчас якой выступяць спэцдакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці, дачка палітвязьня Мікалая Статкевіча Кацярына, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна.

«Я не перакананы,што туды прыйдуць сябры афіцыйнай дэлегацыі, бо наўрад ці яны будуць адчуваць сябе камфортна ў адкрытай дыскусіі з такімі сьпікерамі. Хутчэй за ўсё яны праігнаруюць і прышлюць якога-небудзь пасланца ў пагонах, які будзе весьці стэнаграму», адзначыў Анатоль Лябедзька ў інтэрвію карэспандэнту «Свабоды».

Карэспандэнт: Чым адметная будзе гэтая дыскусія па Беларусі?

«Гэта будзе першая ў рамках Асамблеі АБСЭ дыскусія пасьля заканчэньня парлямэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. У ёй зь беларускага боку возьмуць удзел як мінімум два сядзельцы з „амэрыканкі“ — я і Андрэй Саньнікаў. Таму гэта яшчэ і аспэкт прэзыдэнцкай кампаніі. І Жана Ліцьвіна, якая добра ведае, што цяпер адбываецца ў мэдыях. Ва ўсякім разе гэта кантэкст сёньняшняй сытуацыі, наколькі тут мажлівыя перамены ў Беларусі».

Карэспандэнт: Ці адбудзецца плянаваная сустрэча з рабочай групай па Беларусі, якую ачольвае нямецкая дэпутатка Ута Цапф?

Лябедзька:
У дыскусіі павінны ўзяць удзел сябры гэтай рабочай групы. Хаця самой Уты Цапф, відаць, ня будзе. Мне таксама цікава, а што ў іх у партфэлі, якія ў прапановы? Раней гэта зводзілася да таго, каб любым коштам правесьці адзін-два сэмінары з агульнай тэматыкай і гэта падавалася як нейкае велізарнае дасягненьне. Я намерваюся даволі крытычна пра гэта гаварыць. Не такія мэты павінна ставіць рабочая група па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.