Урад Баўгарыі сыходзіць з-за разгону пратэстаў

Бойка Барысаў сыходзіць пасьля выступу ў Парлямэнце

Прэм’ер-міністар Баўгарыі Бойка Барысаў абвясьціў аб адстаўцы ўраду пасьля разгону масавых пратэстаў супраць высокіх коштаў на электраэнэргію і мер па дзяржаўнай эканоміі.

Ад пачатку тыдня па ўсёй краіне праходзяць масавыя дэманстрацыі пратэсту, у якіх удзельнічаюць дзесяткі тысяч грамадзян. У аўторак падчас сутыкненьняў з паліцыяй у Сафіі пацярпелі 25 чалавек.

«Я ня буду ўдзельнічаць ва ўрадзе, пры якім паліцыя зьбівае людзей», — заявіў Барысаў у сваім выступе ў парлямэнце.

Незадаволенасьць жыхароў Баўгарыі абумоўлена ростам цэн на энэргарэсурсы, манапалізмам пастаўшчыкоў электраэнэргіі, нізкім узроўнем жыцьця і карупцыяй.

Прэм’ер-міністар паспрабаваў супакоіць пратэстуючых ў аўторак, паабяцаўшы зьнізіць цэны на электрычнасьць. Ён таксама казаў пра неабходнасьць пакараньня замежных энэргакампаній, якія, па яго словах, уздымалi кошты.

Пакуль незразумела, ці будуць перанесеныя парлямэнцкія выбары, прызначаныя на ліпень.