Намесьнік Ладуцькі атрымаў 14 гадоў турмы

Ігар Васільеў

Менскі абласны суд прыгаварыў былога намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму Ігара Васільева да 14 гадоў турмы.
Яго прызналі вінаватым у прыняцьці матэрыяльных каштоўнасьцяў у асабліва буйных памерах за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў ягоную службовую кампэтэнцыю.

Да пачатку працэсу перад дзьвярыма судовай залі сабралася багата журналістаў, але Ігара Васільева завялі незаўважна, празь іншы ўваход, і зьмясьцілі ў клетцы, загароджанай плястыкавым шклом. Былы высокапастаўлены чыноўнік быў у спартовым строі, перад пачаткам працэсу спрабаваў трымацца бадзёра, усьміхаўся і ківаў сваякам. Судзьдзя Натальля Аляхновіч перапытала прысутных, ці дазваляюць яны фота- і відэаздымку, на што сваякі адказалі катэгарычнай адмовай. Тады судзьдзя агучыла вынесены прысуд:

«Кіруючыся артыкуламі 349 і 364 КПК, суд прыгаварыў Васільева Ігара Юр’евіча прызнаць вінаватым у прыняцьці матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія даваліся выключна ў зьвязку з займанай пасадай, дзеля станоўчага вырашэньня пытаньняў, якія ўваходзяць у ягоную кампэтэнцыю — атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказнае становішча. На падставе артыкула 430 ч.3 КК прызначыць пакараньне ў выглядзе 14 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць пасады ў органах дзяржаўнай улады цягам 5 гадоў».

Пасьля абвешчанага прысуду Ігар Васільеў спахмурнеў і расчаравана хітаў галавой, паказваючы, што абураны такім выракам. Гэтаксама рэагавалі і сваякі былога чыноўніка. Яны пільна сачылі, каб яго ніхто не фатаграфаваў, і паводзіліся ў судзе надзвычай упэўнена.

У складзе прысуду зачыталі сьпіс маёмасьці, забранай у асуджанага падчас сьледзтва. Толькі для пераліку залатых зьліткаў і ўпрыгожаньняў спатрэбілася больш за 20 хвілін. Таксама назвалі зброю, аўтамабіль, гараж, банкаўскія рахункі на мільёны беларускіх рублёў, 13 тысяч даляраў і 2 мільёны эўра. Усё гэта застанецца пад арыштам да вырашэньня пытаньня аб канфіскацыі маёмасьці.

Адвакатка Марына Дабратворская паведаміла журналістам, што намерваецца абскардзіць вырак:

«Надзея ёсьць у абароны, што яе аргумэнтацыя будзе пачутая. Я мяркую, што мы можам разьлічваць на тое, што законнасьць будзе правераная судом вышэйшай інстанцыі. З гэтым прысудам мы нязгодныя катэгарычна».

Your browser doesn’t support HTML5

Заканчэньне суду над Ігарам Васільевым


Ігар Васільеў быў арыштаваны 6 ліпеня 2012 году пры спробе атрыманьня часткі хабару ў памеры 500 тысяч даляраў ЗША. Судовы працэс доўжыўся з 20 сьнежня і праходзіў у адкрытым і закрытым рэжымах.

Гучную справу камэнтуе былы высокапастаўлены кіраўнік у Міністэрстве ўнутраных спраў Мекчыслаў Грыб:

«За хабар судзілі і раней. Зразумела, што ён ня першы і не апошні чалавек з выканаўчай улады, які панясе адказнасьць за хабар. Але мне падаецца, што за гэта далі занадта шмат. Пэўна, тут ёсьць нейкія іншыя падставы — магчыма, нязгода са сьледзтвам, магчыма, нешта іншае. Але ў кожным разе мне падаецца, што гэтае рашэньне папярэдне было ўзгодненае з вышэйшымі ўладамі і абвешчанае такім, якім яно ёсьць».