Прозьвішчы карупцыянэраў — пад сакрэтам

У Сьледчым камітэце і КДБ не даюць інфармацыі адносна чыноўнікаў з кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, якіх падазраюць у карупцыі.
Ва ўправе па сувязях з грамадзкасьцю КДБ накіроўваюць да прэсавага сакратара Аляксандра Антановіча, а той ужо некалі дзён не здымае слухаўку.

У Сьледчым камітэце абяцаюць даць інфармацыю, але пазьней:

«Так, сапраўды пачатыя такія тры крымінальныя справы. Яны расьсьледуюцца рознымі падразьдзяленьнямі Сьледчага камітэту. Я ведаю вашу просьбу, і мы на яе адкажам бліжэйшым часам. Нам проста трэба сабраць інфармацыю, якая яшчэ ёсьць ня ў поўным аб’ёме», — сказаў карэспандэнту Свабоды начальнік аддзелу інфармацыі Сьледчага камітэту Павал Траўлька.

Пра тое, што адносна шэрагу службовых асобаў праводзіцца праверка Камітэту дзяржбясьпекі з падазрэньнем у карупцыйных злачынствах, паведаміў 7 лютага кіраўнік справамі прэзыдэнта Віктар Шэйман. Таксама ён сказаў, што Сьледчы камітэт распачаў тры крымінальныя справы аб датычнасьці службовых асоб да злачынстваў — крадзяжу бюджэтных сродкаў.