«Я хацеў спаліць яго і сябе, бо гэта не жыцьцё»

Your browser doesn’t support HTML5

«Я хацеў спаліць яго і сябе, бо гэта не жыцьцё»

Відэаінтэрвію з 89-гадовым інвалідам Паўлам Левашэвічам. Нядаўна ён атрымаў 3 мільёны штрафу за спробу падпалу старшыні мясцовага сельсавету.
89-гадовы інвалід зь вёскі Агароднікі Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці, былы вязень нямецкага лягеру, кажа, што хацеў гэта зрабіць з-за таго, што старшыня адмовіўся накіраваць яго ў дом састарэлых, або прызначыць яму сацыяльнага працаўніка.

Калі старшыня сельсавету не задаволіў просьбу, пэнсіянэр узяў невялікую колькасьць бэнзіну, якім абліў сябе і старшыню. Аднак падпаліцца яму не ўдалося. Старшыня сельсавету выклікаў участковага, які склаў на Левашэвіча пратакол.

Бярозаўскі суд прысудзіў інваліду 3-мільённы штраф. Пракурор прасіў пакараць штрафам 5 мільёнаў, аднак, як кажа Павал Левашэвіч, «мусіць судзьдзя зжалілася».

Левашэвіч ня ўпэўнены, што здолее выплаціць і гэты штраф, бо баіцца проста не дажыць.

Старому ўжо цяжка ўпраўляцца на гаспадарцы, а сын мала дапамагае, бо любіць выпіць. Пэнсіянэр прасіўся ў дом састарэлых, таму што яму цяжка аднаму, ён хацеў бы «быць у кампаніі сваіх аднагодкаў».

Спадар Левашэвіч выказвае меркаваньне, што старшыня сельсавету адмовіў яму ў просьбе, таму што некалі пэнсыянэр яго раскрытыкаваў.