Рэдактар «Народнае Волі» Іосіф Сярэдзіч сказаў, што не памятае Вольгу Класкоўскую як сур'ёзную журналістку.
Паведамленьне пра пагрозу дэпартацыі са Швэцыі беларускай журналісткі Вольгі Класкоўскай выклікала шмат камэнтароў наведнікаў нашага сайту. У прыватнасьці, пішуць, што было б цікава пачуць ня толькі рэакцыю самой Вольгі, якая, атрымаўшы адмову ў відзе на жыхарства, цяпер вымушаная пакінуць у Швэцыі сваіх мужа і маленькага сына і вярнуцца ў Беларусь, а таксама меркаваньне яе былога начальніка – галоўнага рэдактара «Народнай Волі», дзе яна працавала журналісткай.
Іосіф Сярэдзіч сказаў, што ня памятае Вольгу Класкоўскую як сур'ёзную журналістку:
«Сёньня нават не магу ўзгадаць, у штаце яна працавала ў нас ці па-за штатам. Відавочна, што нядоўгі час яна супрацоўнічала з «Народнай воляй». Можа, нейкі месяц знаходзілася ў штаце. Наогул, калі б у меня ўрэзалася ў памяць нешта вельмі сур'ёзнае пра яе як пра супрацоўніцу, то я б гэта сказаў. Помню, што была маладая дзяўчына, дачка Аляксандра Класкоўскага. Але калі б гэта была журналістка, якая б папрацавала ў нас 3-4-5 гадоў, тым больш на сур'ёзным узроўні, то нешта можна было б гаварыць. А яна, відаць, надрукавала 1 ці 2 нейкія артыкулы, таму як пра журналістку нічога не магу сказаць.
Пра сытуацыю ў Швэцыі першы раз чую. Але на працягу гадоў дзесяці ў яе пастаянна былі канфліктныя сытуацыі то зь беларускімі ўладамі, то дзіця пасьля разводу не магла падзяліць з былым мужам, то вось цяпер з дэпартацыяй.
Як чалавека мне яе шкада, шкада, што не складаецца нармальна жыцьцё. Але калі дэпартацыя адбываецца на ініцыятыву швэдзкага боку, то значыць, яна парушыла нейкія тамтэйшыя законы».