ПЕРАД СЯЎБОЙ ТЭХНІКУ РАЗЬБІРАЮЦЬ НА МЭТАЛАЛОМ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

На мэхдвары племсаўгасу “Бярозкі” Гомельскага раёну большасьць мэханізатараў разьбіралі старую тэхніку на мэталалом. Грошай гаспадарка ня мае, таму за мэталалом у саўгасе спадзяюцца набыць шыны для калёсных трактароў, акумулятары ды іншыя дэталі — такі вось бартэр.

У майстэрні стаялі на рамонце два трактары МТЗ, К-700, збожжавыя сеялкі. Чацьвёра трактарыстаў і сьлесараў бавілі час каля цёплай “буржуйкі”, у якой гарэлі дровы. Распавядае мэханізатар Васіль Вушкоў, чый трактар МТЗ стаяў у майстэрні побач — яшчэ не падрыхтаваны да выхаду ў поле.

(Вушкоў: ) “Рухавік паставіў другі. Патрэбны яшчэ акумулятар, стартэр, гумавыя шыны. Яно ж відаць, чаго няма. Зараз у нас нават масла маторнага няма, каб праверыць трактары”.

Спадар Вушкоў паведаміў, што нядаўна мэханізатарам выдавалі заробак за студзень. Калі ішлі ў кантору — радаваліся, але ж атрымаўшы той заробак, моцна расчараваліся. Прынамсі, сам Васіль Вушкоў застаўся вінен саўгасу. Першаклясны мэханізатар дастаў з кішэні разьліковы квіток і прачытаў:

(Вушкоў: ) “Налічана 21 тысяча рублёў, атрымаць 19 тысяч. Аванс — 20, і 18 тысяч рублёў застаўся вінен саўгасу”.

Чаму так атрымалася, тлумачыць сьлесар Лукашэвіч:

(Лукашэвіч: ) “За студзень у нас усе вінныя засталіся. Аванс бралі — не разьлічылі. Ня 20–30 тысяч рублёў узялі, а сорак. Думалі тысяч 40 заробак будзе, а выйшла напалову меней. Таму і вінныя. Я на рамонце, бяз трактара, мне за дзень 700 рублёў ледзь набягае. Ці ж можна пражыць дзень за 700 рублёў? Булка хлеба 350–400 рублёў каштуе, і застаецца яшчэ толькі на пачак солі”.

Зрэшты, ня лепшая сытуацыя з заробкам і рамонтам тэхнікі і ў іншых гаспадарках. Галоўны інжынэр калгасу “Чырвоная плошча” Сяргей Малажаўскі прыехаў за 40 кілямэтраў у Бярозкі разжыцца хаця б старой дэтальлю да пагрузчыка ўгнаеньняў.

(Малажаўскі: ) “Усё ўпіраецца ў фінансы. Шукаем запчасткі то там, то тут. А грошай у нас таксама няма, з-за грошай уся праблема”, — кажа галоўны інжынэр калгасу “Чырвоная плошча”.

Зараз служба мэханізацыі аблсельгасхарчу асабліва націскае на падрыхтоўку трактароў вялікай магутнасьці, такіх як К-700, Т-150, МТЗ-1221. Аднак адрамантавалі іх толькі 62% ад наяўных. Як паведаміў начальнік аддзелу мэханізацыі Ўладзімер Малашэнка, толькі на рамонт трактароў К-700 бракуе 471 мільён рублёў.

Дарэчы, пошукі танных варыянтаў падрыхтоўкі тэхнікі і нават вырабу яе прыводзяць да нечаканых вынікаў. На заводзе самаходных камбайнаў аб’яднаньня “Гомсельмаш” купілі ў прыватнікаў няякасны “Тасол” — вадкасьць для ахалоджваньня рухавікоў. У выніку сапсаваліся ажно 16 рухавікоў амэрыканскай вытворчасьці, якія купілі за валюту.