Песьня “Чырвоная ружа”, музыка У.Мулявіна, словы народныя. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Песьняры 2001”, “Ковчег”, 2001


Думаю, ніхто ня будзе спрачацца адносна таго, што мэлёдыю чарговага дня мы выбіраем кожны для сябе з самых розных прычын, аднак найчасьцей — зыходзячы з уласнага настрою. А настрой — такая рэч, кіраваць якой часам надзвычай складана. Вітаю вас!

Канечне, паведамленьне пра аўтакатастрофу, у якую трапіў вядомы музыкант Уладзімер Мулявін, балюча закранула літаральна ўсіх. Што б мы там ні казалі, Мулявін разам зь ягонымі — падкрэсьліваю: менавіта ягонымі “Песьнярамі” — гэта ўжо нешта накшталт сымбалю Беларусі. Як бы мы, кожны з нас, да гэтага калектыву сёньня ні ставіліся.

У кожнай краіне ў кожным зь відаў мастацтва ёсьць асобы знакавыя, якія ўжо пры жыцьці робяцца легендамі. Уладзімер Мулявін — зь ліку менавіта такіх людзей. Здарэньне на шашы на многія дні адцягнула ўвагу мноства людзей ад самых, здавалася б, надзённых і актуальных праблем. І многія з нас задаюцца пытаньнем: а чым асабіста я магу дапамагчы ў гэтай сытуацыі? І кожны гатовы зрабіць тое, што ад яго залежыць.

“Мэлёдыя дня” мае магчымасьць хоць завочна падтрымаць Уладзімера Мулявіна ў такія складаныя для яго дні. Вядома, падтрымаць песьняю, бо я вельмі спадзяюся, што яшчэ неаднойчы здолею пачуць ягоны голас са сцэны.

Музыка Уладзімера Мулявіна, словы народныя, песьня “Чырвоная ружа”. Як казаў герой аднаго зь фільмаў: усё, што магу. Бяз гэтага голасу ўявіць Беларусь сёньня немагчыма. Трымайцеся, Уладзімер Георгіевіч! Мы яшчэ пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі