“Шостае падарожжа”. Музыка групы “Новае неба”, словы Ігара Бабкова. Група “Новае неба” і Кася Камоцкая. “Ковчег”, 1996


“Няма дзе лепш спаці, як у роднай хаце”. Гэтыя словы штораз узгадваю тады, калі чую чарговую песьню, якая апавядае пра падарожжы па замежных краінах. І няма лепшай “Мэлёдыі дня”, як у выкананьні сваіх музыкантаў.

Калі Кася Камоцкая ўпершыню ўзяла ў рукі гітару, пачала пісаць і выконваць песьні, яна напэўна яшчэ не ўяўляла, у якое працяглае, складанае падарожжа выбіраецца. Падарожжа тое расьцягнулася на многія гады і прынесла шмат чаго. З аднаго боку, тытулы “рок-князёўны” і сапраўдны посьпех у публікі, некалькі альбомаў, з другога — забарону яе песень у дзяржаўным радыёэфіры. А яшчэ, мабыць, стомленасьць, жаданьне узяць паўзу, каб пераасэнсаваць зробленае і, спадзяюся, зноў зьявіцца на сцэне з новым “Новым небам” і новымі песьнямі.

Яна і зараз, наколькі вядома, недзе ў падарожжы, ня ўяўным, а сапраўдным. Цяжка сказаць, якое ў яе тое падарожжа па ліку. Прынамсі, шостае падарожжа ў Касі Камоцкай ужо было некалькі гадоў таму. Мы і паслухаем сёньня гэтую песьню. Музыка групы “Новае неба”, словы Ігара Бабкова. Запіс першай паловы 90-х гадоў мінулага стагодьдзя.

Зьміцер Падбярэскі