ЯК МЕНЧУКІ СТАВЯЦЦА ДА МІЖНАРОДНАГА НАЗІРАНЬНЯ ЗА ВЫБАРАМІ?

Ганна Соусь, Менск

Адметна, што практычна ўсе мае суразмоўцы былі ўпэўненыя, што на прэзыдэнцкія выбары трэба запрашаць міжнародных назіральнікаў.

(Мужчына: ) "На мой погляд, трэба — каб назіральнікі паглядзелі, што й як адбываецца ў нашай краіне".

(Жанчына: ) "Трэба, каб наглядалі. У краіне робіцца невядома што. Ня ведаеш, каму верыць, Лукашэнку альбо БНФ. У прынцыпе, выбары даўно заплянаваныя — усё, што там будзе. І мы нічога ня здолеем выправіць".

(Мужчына: ) "Каб усё было правільна, не было падтасовак. Напэўна ва ўсіх краінах так. Абавязкова трэба".

(Жанчына сталага веку: ) "Міжнародныя? Канечне, патрэбныя. Няхай будуць. Няхай назіраюць нашыя выбары. Вы што, за Народны Фронт?"

Але ж былі й іншыя пункты гледжаньня, як прыкладам, у пэнсіянэркі Кацярыны.

(Кацярына: ) "А што тут назіраць, няма чаго. Усё гэта пустыя гульні, якія нічога не даюць. Што бы мы ні выбіралі, каго б ні выбіралі, гэты сьвет хутка разваліцца на кавалкі..."

Некаторыя з апытаных ведалі пра тое, што беларускія ўлады дагэтуль не даслалі запрашэньня для назіраньня за выбарамі ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Гаворыць студэнт Пэдагагічнага ўнівэрсытэту Віталь Аванян:

(Аванян: ) "Наколькі мне вядома, прэзыдэнт казаў, што бліжэйшым часам гэтае запрашэньне будзе дасланае".

(Карэспандэнтка: ) "Чаму, на Ваш погляд, такая затрымка?"

(Аванян: ) "Прэзыдэнт ня вельмі клапоціцца пра тое, каб у нас выбары прайшлі чэсна й міжнародная супольнасьць бачыла гэта".

Амаль усе мае суразмоўцы сьцьвярджалі, што фальсыфікацыі — гэта звыклая зьява ў часе выбараў. Гэтак мяркуе інжынэр Тацяна.

(Тацяна: ) "Фальсыфікацыі заўсёды былі, ёсьць і будуць. Нават у часе самых маленькіх выбараў — у мясцовыя саветы, выбары дырэктараў на заводах. Усё тое ж самае. Гэта нармальная зьява".

У тым, што фальсыфікацыі адбудуцца і падчас маючых адбыцца выбараў, упэўненая і Марыя з Гомеля.

(Марыя: ) "Будуць".

(Карэспандэнтка: ) "Зь якога боку?"

(Марыя: ) "Ня з боку народу, а з таго боку..."

Іншы пункт гледжаньня мае беспрацоўны Ўладзімер:

(Уладзімер: ) "Ня можа быць фальсыфікацыяў, таму што ў выбарчых камісіях сядзяць людзі, якія жадаюць, каб выбары прайшлі нармальна".

Сярод маіх суразмоўцаў было небагата прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, але практычна ўсе яны былі ўпэўненыя ў тым, што ён пераможа на выбарах. Пры гэтым людзі не хавалі сваёй незадаволенасьці ягоным кіраваньнем. Гаворыць Галіна, яна працуе мэдсястрой у адным зь менскіх шпіталяў:

(Галіна: ) "З пункту гледжаньня мэдыкаў, Лукашэнка толькі абяцае, але нічога ня робіцца. І па клініках ён езьдзіць, але..."

І яшчэ адная дэталь. І Галіна, і некаторыя іншыя мае суразмоўцы згадзіліся б самі стаць назіральнікамі на прэзыдэнцкіх выбарах, але пры гэтым яны не былі ўпэўненыя, што гэта можа значна паўплываць на вынікі выбараў:

(Галіна: ) "Калі б было нейкае навучаньне, то пайшла".

(Мужчына: ) "Згадзіўся б, але на мой погляд, гэта нічога ня зьменіць".

(Тацяна: ) "Пачнуць травіць з аднаго боку, зь іншага, а хочацца яшчэ пажыць".