[ 19:20 ]  Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што ператрус у доме Чалабі адбыўся не з палітычных прычынаў

ВАШЫНГТОН. Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што ператрус ў доме чальца Кіроўнай Рады Іраку Ахмэда Чалабі ня быў зроблены паводле палітычных прычынаў. Прадстаўнік Дзяржадэпартамэнту Рычард Баўчэр сказаў журналістам, што рэйд выканалі ірацкія ўлады. Чалабі, які ўзначальваў Ірацкі Нацыянальны Кангрэс у выгнаньні, ў свой час разглядаўся Вашынгтонам адным з кандыдатаў на пасаду кіраўніка дэмакратычнага Іраку. Некалькі дзён таму Пэнтагон спыніў фінансаваньне ягонай партыі. Раней, Ірацкі Нацыянальны Кангрэс цягам некалькіх гадоў атрымліваў ад Пэнтагону па 340 тысяч даляраў штомесяц.