[ 16:31 ]  Ізраіль задумваецца над вырашэньнем палестынскай праблемы

ЕРУСАЛІМ. Сытуацыя на Блізкім Усходзе ўсё больш абвастраецца. Ізраільскі прэзыдэнт Машэ Кацаў заявіў сёньня падчас надзвычайнага паседжаньня Кабінэту бясьпекі, што Ізраіль павінен зьмяніць стратэгію ў пытаньні вырашэньня палестынскай праблемы. Кацаў занепакоены рэваншысцкім настроем абодвух бакоў. Як паведамілі прадстаўнікі ізраільскай бясьпекі, Рамалах, город на Заходнім Беразе, дзе знаходзіцца сядзіба Ясіра Арафата, цалкам заблякаваны ізраільскімі танкамі і фармаваньнямі. Паводле заявы ізраільскага прэм’ера Арыэля Шарона, ён супраць таго, каб весьці краіну да вайны, але такая магчымасьць ня выключаная. «Калі яны будуць нам назаляць, мы будзем перасьледаваць іх і неабавязкова ў адказ на іхныя канкрэтныя дзеяньні. Мы ведаем, як гэта рабіць. Нашыя вайскоўцы і сілы бясьпекі будуць працягваць барацьбу з тэрарызмам, пакуль мы не даможамся спыненьня агню», паведаміў прадстаўнік ізраільскага ўраду. Тым часам лідэр палестынцаў Ясір Арафат, камэнтуючы баявыя дзеяньні ізраільцаў, заявіў, што гэта сьведчыць пра нянавісьць Ізраілю да Палестыны.