СЫН МАРЫНІЧА ПАТРАБУЕ ВЯРНУЦЬ КАМПУТАРЫ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Просьбу да сьледчых КГБ вярнуць кампутары Павал Марыніч абгрунтаваў тым, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да вылучанага Міхаілу Марынічу абвінавачаньня.

(Марыніч: ) “Яны ніяк не датычныя да справы, па якой абвінавачваецца бацька, і ўвогуле яму не належаць. Я не разумею нават, чаму іх забралі з майго гаража”, — гаварыў Павал Марыніч.

Нагадаем, былы міністар замежнаэканамічных сувязяў і амбасадар Міхаіл Марыніч быў арыштаваны сьледчымі КГБ 26 красавіка і пазьней абвінавачаны ў незаконных дзеяньнях са зброяй. Сьледчыя правялі ператрусы ў гарадзкой кватэры Міхаіла Марыніча, ягоным загарадным доме, а таксама ў кватэры ягонага сына Ігара і гаражы сына Паўла. У гэтым гаражы былі знойдзеныя пяць кампутараў. Паводле Паўла Марыніча, гэтыя кампутары амбасада ЗША перадала ягонаму бацьку ў карыстаньне як кіраўніку арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. У Паўла Марыніча ёсьць адпаведны дакумэнт. Вяртаньня кампутараў і дамагаецца ад сьледчых КГБ Павал Марыніч.

Дарэчы, падобная гісторыя адбылася і з грашыма Міхаіла Марыніча. Яшчэ за два дні да затрыманьня сьледчыя КГБ адабралі ў яго 90 тысяч даляраў паводле падазрэньняў, што яны нібыта фальшывыя. Гэтыя падазрэньні ня спраўдзіліся, але грошы дагэтуль ня вернутыя. Днямі Міхаіл Марыніч даслаў у КГБ просьбу вярнуць грошы, паколькі яны таксама ня маюць ніякага дачыненьня да вылучанага яму абвінавачаньня ў незаконных дзеяньнях са зброяй. Адказ на гэтую заяву не атрыманы.

Тым часам адвакат экс-міністра Вера Страмкоўская накіравала на імя генэральнага пракурора скаргу. Вось якія парушэньні яна бачыць у дзеяньнях сьледчых:

(Страмкоўская: ) “Гэта парушэньні, якія тычацца завядзеньня крымінальнай справы і затрыманьня Марыніча. Шмат парушэньняў было пры ператрусах на лецішчы і ў гаражах. Усе дзеяньні вакол справы Марыніча носяць нейкі хаатычны характар. Таму што ня трэба было забіраць ні гэтых грошай, ні гэтай маёмасьці, калі Марыніч абвінавачваецца толькі ў тым, што ён захоўваў пісталет”, — казала адвакат Вера Страмкоўская.

Яе скаргу мусяць разгледзець цягам 10 дзён. Між тым, ужо набліжаецца да заканчэньня тэрмін разгляду паручыцельстваў за Міхаіла Марыніча, якія накіравалі шэраг вядомых асобаў у Беларусі. Сьледзтва, аднак, дагэтуль не разгледзела гэтых дакумэнтаў.