Шматмільённую ўзнагароду можа атрымаць кожны, хто сваёй інфармацыяй дапаможа злавіць Садама Хусэйна ці пацьвердзіць ягоную сьмерць. Прадстаўнікі ЗША кажуць, што калі Садам і ягоныя сыны будуць арыштаваныя, гэта зьменшыць супраціў ірацкіх груповак. Інфармацыя аб сьмерці ірацкага лідэра і ягоных сыноў таксама мусіла б суцішыць ваенныя дзеяньні.
Амэрыканскі сэнатар Пэт Робэртс, які нядаўна наведаў Ірак, заявіў учора на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне:
(Робэртс:) “Іракцам будзе вельмі цяжка прыняць новаатрыманую свабоду і зрабіцца нашымі паўнавартаснымі партнэрамі пакуль зь іхнага жыцьця ня сьцерты цень Садама Хусэйна”.
Тым часам усё болей скептычных заўвагаў выказваецца на адрас адміністрацыі ЗША, якая напярэдадні вайны цьвердзіла, што ірацкі рэжым мае вялікія арсэналы хімічнай і біялягічнай зброі. Амэрыканскія сэнатары, якія наведалі Ірак, выказалі розныя меркаваньні на гэты конт.
Сэнатар-рэспубліканец Робэртс, які ўзначальвае сэнацкі камітэт у справах выведкі, учора заявіў, што ўжо хутка амэрыканцы знойдуць у Іраку зброю масавага зьнішчэньня. Паводле Робэртса, такую выснову можна зрабіць з сакрэтнай інфармацыі амэрыканскай выведкі, якую ён ды іншыя сэнатары атрымалі падчас нядаўняга візыту ў Ірак. Сэнатар дадаў, што ён спрабуе пераканаць прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша апублікаваць хаця б частку гэтай інфармацыі.
А вось сэнатар ад апазыцыйнай партыі дэмакратаў Карл Левін, якога азнаёмілі з той самай сакрэтнай інфармацыяй, па-ранейшаму кажа, што адміністрацыя Буша перабольшвала ірацкую пагрозу напярэдадні вайны.
(Левін:) “Ці знойдзем мы зброю, ці ня знойдзем – у любым выпадку адназначныя заявы адміністрацыі Буша, што рэжым Садама Хусэйна меў на руках зброю масавага зьнішчэньня і быў гатовы яе скарыстаць, грунтаваліся, на маю думку, на прынамсі перабольшанай выведнай інфармацыі. І падчас візыту ў Ірак я не пабачыў нічога, што зьняло б мае сумневы наконт гэтай інфармацыі”.