КІРАЎНІК ТБМ ШУКАЕ АДНАДУМАЦАЎ ВА ЎЛАДЗЕ

Вольга Бабак, Менск

Сустрэчу з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў ініцыяваў старшыня Таварыства беларускай мовы А.Трусаў. Ён зьвярнуўся да заканатворцаў з прапановай унесьці зьмены ў дзейны Закон аб мовах; найперш у тыя яго артыкулы, якія пакідаюць за дзяржаўнымі ўстановамі права выбіраць паміж расейскай і беларускай мовамі ў афіцыйных дакумэнтах, блянках і г.д. Фактычна, ТБМ дамагаецца адмены тых паправак, якія былі ўнесеныя ў Закон у 1997–98 гадах Палатай прадстаўнікоў першага скліканьня. Гаворыць А.Трусаў:

(Трусаў: ) “Cёньняшняя вэрсія закону аб мовах зробленая так, што чыноўнік можа прынцыпова не ўжываць беларускую мову нідзе — і ўсё будзе добра. Вось вам і двухмоўе, і Канстытуцыя, і гэтак далей. Мы лічым, што павінныя быць унесеныя такія зьмены, каб чалавек мог карыстацца беларускай мовай у любой сытуацыі: гэта значыць, прыходзіце вы на пошту, а там ляжаць і беларускамоўныя блянкі, і расейскамоўныя. І вы выбіраеце той, які вам па душы”.

Паводле А.Трусава, віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў у размове зь ім запэўніў, што падзяляе ягоную пазыцыю, і паабяцаў даручыць працу па гэтым пытаньні адмысловай камісіі. На жаль, пацьвердзіць сваю пазыцыю Радыё Свабода сп. Канаплёў адмовіўся, праз сакратара спаслаўшыся на вялікую занятасьць.

(Сакратар: ) “На жаль, у яго няма магчымасьці такой. Ён усё ж такі больш чалавек справы, а што мы тут — пагаворым, а потым “воз і ныне там”. Можа быць, другім разам і па нейкай іншай праблематыцы…”

Тым ня менш, кіраўнік ТБМ спадзяецца, што пытаньне з Законам аб мовах будзе вынесенае на разгляд наступнай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Ён упэўнены, што ўнутры Палаты ў яго таксама ёсьць група падтрымкі — у асобах дэпутатаў групы “Рэспубліка” на чале з У.Парфяновічам. Сп. Парфяновіч пацьвердзіў, што падтрымлівае ініцыятыву А.Трусава, аднак лічыць, што папярэднія дамоўленасьці з У.Канаплёвым ня маюць прынцыповага значэньня.

(Парфяновіч: ) “Для таго, каб гэта вырашаць, павінен даць дабро прэзыдэнт, а астатняе ўсё — лухта. А гэта так пакуль — на ўзроўні “пагаварылі бабулі і разышліся”.

Між тым, тыдзень таму кіраўнік Таварыства беларускай мовы абмяркоўваў ідэю стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта была першая з шэрагу сустрэчаў, якія паабяцаў зладзіць для яго кіраўнік гэтага ведамства У.Латыпаў. На думку А.Трусава, гэта дае спадзеў на станоўчыя зрухі.