КОБРЫНСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ РЭГІСТРУЮЦЬ “ТЫДНЁВІК МАЛАДЗЁВЫ”

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У Кобрыне было знойдзена памяшканьне, дзе плянавалася разьмясьцiць рэдакцыю. Але мясцовы гарвыканкам ня даў згоды на тое, каб такая газэта зьявiлася ў горадзе. Чыноўнiкi запатрабавалi ад заснавальнiкаў падрабязных зьвестак пра накiраванасьць будучага выданьня, ягоную рэдакцыю i крынiцы фiнансаваньня.

Экспэрты Цэнтру прававой абароны cродкаў масавай iнфармацыi пры Беларускай асацыяцыi журналiстаў знайшлi ў адказе Кобрынскага гарвыканкаму адразу 16 парушэньняў дзеючага заканадаўства. Але паводле словаў аднаго з заснавальнiкаў "Тыднёвiка маладзёвага" Ягора Вяршылы, каб падаць скаргу ў суд трэба заплацiць прыкладна 100 тысячаў рублёў.

Пра прычыны, паводле якiх кобрынскiя ўлады адмаўляюцца рэгiстраваць новае выданьне, Ягор Вяршыла гаворыць наступнае:

(Вяршыла:) "Гэта адмысловы загад зьверху. Гэта другая спроба ў Кобрыне нешта зарэгiстраваць. Гэта было б, на наш погляд, незалежнае моладзевае выданьне, якому няма аналягаў на Берасьцейшчыне. Можа, ўлады спужалiся таго, што гэта будзе незалежнае".

Варта адзначыць, што ў Кобрыне, дзе жыве каля 50-цi тысячаў чалавек, няма нiводнай незалежнай газэты. Усе ранейшыя спробы зарэгiстраваць непадпарадкаванае ўладам выданьне таксама былi адхiленыя мясцовай вэртыкальлю.