У МАГІЛЁВЕ БЫЛІ ЗАТРЫМАНЫЯ СЫНЫ ВАЛЕРА ЛЕВАНЕЎСКАГА

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Уладзімер і Аляксей Леванеўскія распаўсюджвалі сярод гандляроў рынку “Задняпроўскі” у абласным цэнтры бюлетэнь “Прадпрымальнік”.

Супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў пры затрыманьні спаслаліся на тое, што ў бюлетэнях не былі ўказаныя ўсе неабходныя рэквізыты, у прыватнасьці юрыдычная адрэса выдаўца. Братоў Леванеўскіх затрымалі з падазрэньня на незаконны распаўсюд друкаванай прадукцыі.

У Кастрычніцкім РАУС горада Магілёва быў складзены пратакол аб канфіскацыі друкаванай прадукцыі, пасля чаго Ўладзімера і Аляксея адпусцілі.

Бюлетэнь “Прадпрымальнік”, заявілі ў міліцыі, будзе перададзены на экспертызу. Тым больш, што, паводле меркаваньня ахоўнікаў парадку, у матэрыялах бюлетэню ўтрымліваецца заклік да падтрымкі прадпрымальніцкага страйку і сабатажу.