ЗВОЛЬНЕНЫ ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР ПРАФСАЮЗНАЙ ГАЗЭТЫ “БЕЛАРУСКІ ЧАС” АЛЯКСАНДАР СТАРЫКЕВІЧ

Міхал Стэльмак, Менск

Вось што ён паведаміў сёньня нашаму радыё:

(Старыкевіч: ) “Мяне азнаёмілі з распараджэньнем старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў. Гэта адбылося ўчора ўвечары, дзень звальненьня — сёньня, 9 жніўня”.

(Карэспандэнт: )“Ці паспрабавалі вы высьветліць прычыны свайго звальненьня?”

(Старыкевіч: )“Ніякай гутаркі з Козікам у мяне не было. Дагэтуль ён не знайшоў часу сустрэцца з калектывам. Хай ужо рэдактар не падабаецца, але ж зь іншымі супрацоўнікамі, я лічу, можна было б пагаварыць і выкласьці сваю пазыцыю, свае падыходы да газэты. Я думаю, прычыны тут зразумелыя. Мой прафэсійны падыход не задавальняе новае кіраўніцтва Фэдэрацыі. Бо тут зараз трэба прапагандыст. Прапагандыст лініі, якую зараз праводзіць улада”.

Сёньня ж адбылася прэсавая канфэрэнцыя Леаніда Козіка, дзе ён наступным чынам пракамэнтаваў звальненьне Старыкевіча:

(Козік: ) “Я ўчора падпісаў загад пра звальненьне рэдактара газэты “Беларускі час” Старыкевіча. Ён не пярэчыў. І я скажу, чаму не пярэчыў, нават, па-мойму, згодны быў — таму што ён раней падпісаў заяву, што ў выпадку звальненьня яму мусяць выплаціць двухмесячную кампэнсацыю. Мы яе выплацім”.

Лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў, камэнтуючы нашаму радыё звальненьне Старыкевіча старшынём Фэдэрацыі, назваў яго незаконным:

(Бухвостаў: ) “Калі Козік прапанаваў звольніць паводле гэтага артыкула Старыкевіча, прэзыдыюм Фэдэрацыі яму адмовіў. Ён ня меў права гэта рабіць бяз згоды і ўхваленьня прэзыдыюму. Ён парушыў гэтае права, статут Фэдэрацыі. Што гэта за старшыня Фэдэрацыі, які толькі заняў пасаду і тут жа пачаў з парушэньня статуту Фэдэрацыі? Я лічу гэта недапушчальным. Гэта азначае, што Козік дзейнічае па ўказаньні зьверху”.

Між іншым, гэтак лічыць і Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) “Думаю гэтая сытуацыя прадэманстравала, што Козік лічыць сябе не кіраўніком незалежнага прафцэнтру, а ўпаўнаважаным Лукашэнкі па Фэдэрацыі прафсаюзаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці законнае такое рашэньне? Ці будзеце яго абскарджваць?”

(Старыкевіч: )“Я не юрыст. Таму зараз усе абставіны таго, што здарылася, вывучаюць спэцыялісты Беларускай асацыяцыі журналістаў, і рашэньне я буду прымаць па выніках іхнага аналізу. Але трэба мець на ўвазе, што ў сёньняшніх умовах, нават калі ўсе аргумэнты будуць на маю карысьць, давесьці гэта праз суд будзе надзвычай складана”.