ЯРМОШЫН ЗАМЕНІЦЬ БАРАДЗІНА?

Валер Каліноўскі, Менск

Гэтае пытаньне будзе разглядацца на паседжаньні найвышэйшага савету так званай саюзнай дзяржавы 12 красавіка ў Маскве з удзелам Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. У парадку дня паседжаньня ёсьць пункт пра кадравыя пытаньні.

"Пытаньне пра магчымае прызначэньне Уладзімера Ярмошына ў сталы камітэт ужо разглядалася і на дадзены момант з парадку дня пакуль ня зьнятае", — паведамілі ў беларускім урадзе.

У Пастаянным камітэце фактычна толькі адна дастаткова высокая пасада, вартая экс-прэм'ера — пасада дзяржаўнага сакратара, і яе на гэты момант займае Павал Барадзін.

Асоба Барадзіна вядомая скандальнымі крымінальнымі справамі, якія цягнуцца з часоў ягонага знаходжаньня ў крамлёўскай адміністрацыі часоў Ельцына. Акрамя таго, як зазначаюць дасьведчаныя асобы, беларускі ўрад выказвае незадавальненьне разгортваньнем Паўлам Барадзіным пад пратэкцыяй сталага камітэту шэрагу камэрцыйных структураў.