ГРУПА АМЭРЫКАНСКІХ ЛЕКАРАЎ РАСПАЧАЛА ПРАЦУ Ў МЕНСКІМ ДЗІЦЯЧЫМ ХІРУРГІЧНЫМ ЦЭНТРЫ

Галіна Абакунчык, Менск

Нават пры такім напружаным раскладзе працы ўсяго толькі 30 беларускіх дзяцей (з 6 тысяч, якім патрэбная тэрміновая апэрацыя на адкрытым сэрцы) атрымаюць рэальную магчымасьць выжыць. Пра гэта ў інтэрвію нашаму радыё паведаміла давераны доктар Беларускага дзіцячага фонду Лідзія Літвіновіч:

(Літвіновіч: ) “Гэта вельмі складаныя апэрацыі. Раней такія апэрацыі ў Беларусі не праводзіліся, бо не хапае абсталяваньня. Амэрыканцы вязуць з сабой абсталяваньне. Частку яго пакінуць у Дзіцячым цэнтры, а частку забяруць з сабой. І наша мэта — дапамагчы цэнтру набыць гэтае абсталяваньне, каб нашы лекары, якія будуць працаваць з амэрыканскімі, змаглі скарыстоўваць іх тэхналёгіі. І тады можа ня толькі 30 дзяцей, а ўсе змогуць прайсьці праз шпіталь, і ім будзе падараванае другое жыцьцё”.

Пра ваструю для Беларусі праблему сьведчаць наступныя лічбы: штогод з прыроджанай паталёгіяй сэрца ў краіне нараджаецца 900 немаўлятаў. Без мэдычнай дапамогі толькі 5% зь іх дажываюць да 18 гадоў. Большасьць малых гадамі чакаюць апэрацыі, бо ў Беларусі толькі адзін Дзіцячы хірургічны цэнтар, разьлічаны ўсяго на 40 месцаў.

Аксане Раковіч з Асіповічаў, можна сказаць, пашанцавала — яе двухгадовую дачку амэрыканскія мэдыкі праапэравалі ў першы ж дзень працы. Дзяўчынцы гарантаванае належнае мэдабслугоўваньне. А вось для маці належных умоваў у хірургічным цэнтры не прадугледжана. Гаворыць Аксана Раковіч:

(Раковіч: ) “На раскладушках мамы сьпяць. Днём іх прыбіраюць, каб прасторней было. Месцаў не хапае. Канечне ж, не хапае”.

Валянціне Лялько з Іванава Берасьцейскай вобласьці не пашанцавала апынуцца нават на раскладушцы. Ейны сын чарговы раз не патрапіў у сьпіс прэтэндэнтаў на апэрацыю, якой чакае ўжо сем гадоў. Гаворыць Валянціна Лялько:

(Лялько: ) “Хлопчык Дзіма. Сем гадоў цяпер. У 1996 годзе мы тут ляжалі, і так кансультуемся кожны год. У нас вельмі цяжкая форма паталёгіі сэрца. Прайшлі ўжо ўсе тэрміны на правядзеньне апэрацыі, бо ў Беларусі няма патрэбнага абсталяваньня. Спадзяемся, што нам дапамогуць амэрыканскія лекары. Гэта апошняя надзея. Бо калі гаварыць пра апэрацыю за мяжой, то самая лёгкая апэрацыя каштуе 5 тысяч даляраў. Дык нашая складаная. У мяне няма такіх сродкаў”.

Для бацькоў хворых дзяцей цяперашнія апэрацыі бясплатныя. Прыезд амэрыканскіх мэдыкаў аплаціў Беларускі дзіцячы фонд. Дзяржава да дабрачыннай акцыі не далучылася. Гаворыць Лідзія Літвіновіч:

(Літвіновіч: ) “Дзяржава на гэта ня выдаткавала ні капейкі. У верасьні мы складалі каштарыс, усё было падлічана, але мы не прадугледзелі, што частку грошай “зьесьць” інфляцыя. І цяпер нам не хапае патрэбных 25 тысяч даляраў. Таму будзем радыя любой дапамозе. Тэлефануйце нам у Дзіцячы фонд: 36-66-40 і 36-62-67”.

Акрамя выратавальных апэрацыяў, амэрыканскія мэдыкі плянуюць таксама дапамагчы беларускім калегам сабраць неабходныя сродкі на набыцьцё абсталяваньня. Мэнэджэр праекту з амэрыканскага боку плянуе сустрэцца зь беларускімі мастакамі й здольнымі дзецьмі дзеля арганізацыі ў Мэмфісе аўкцыёну мастацкіх палотнаў. Частку сродкаў ад продажу мяркуецца накіраваць на абсталяваньне для менскага Дзіцячага хірургічнага цэнтру.