ЧАРГОВЫ НУМАР “БРЭСЦКАГА КУР’ЕРА” НАДРУКАВАНЫ ЗА МЯЖОЙ

Алег Супрунюк, Берасьце

Другi раз за 11 гадоў сваёй гiсторыi незалежны штотыднёвiк "Брестский курьер" вымушаны друкавацца за межамi Беларусi. Упершыню гэта адбылося ў 1990 годзе, калi берасьцейскiя камунiстычныя ўлады не далi дазволу на выхад пiлётнага нумару газэты ў родным горадзе. Тады рэдакцыя скарысталася паслугамi друкарнi ў Вiльнi.

Апошнi, 558-ы ад пачатку iснаваньня, нумар "Брестского курьера" надрукаваны сёньня ўначы ў Смаленску. Спачатку са спасылкай на тое, што газэта мае папярэджаньне Дзяржкамдруку, працаваць з гэтым нумарам адмовiлася берасьцейская друкарня. Пасьля, па розных прычынах, аналягiчны адказ яны атрымалі і ад iншых друкарняў Беларусi.

У рэдакцыi "Брестского курьера" ўпэўненыя, што да стварэньня перашкодаў незалежнаму выданьню непасрэднае дачыненьне маюць мясцовыя ўлады. Сытуацыю камэнтуе галоўны рэдактар газэты Мiкалай Аляксандраў:

(Аляксандраў: ) "Яны зарганiзавалi для нас выдатную PR-акцыю. Тое, што яны не далi нам выйсьцi, спрацуе толькi на карысьць "Брестского курьера". Я лiчу, што непасрэдныя заказчыкi ды iнiцыятары гэтых падзеяў знаходзяцца на "верхнiх паверхах" Берасьцейскага аблвыканкаму. Я лiчу, што непасрэднае дачыненьне да гэтага мае старшыня аблвыканкаму Васiль Даўгалёў".

Дзе будзе надрукаваны наступны нумар "Брестского курьера" ў рэдакцыi пакуль ня ведаюць. Ёсьць спадзяваньнi на тое, што выпуск газэты будзе адноўлены ў Берасьцi альбо ў iншым горадзе Беларусi. Калi ж сытуацыя вакол незалежнага выданьня ня зьменiцца, "Брестский курьер" можа зноў выйсьцi за мяжой. Такога разьвiцьця падзеяў рэдакцыя таксама не выключае.