АЛЕГ ВОЎЧАК ЗАЯВІЎ, ШТО ЯМУ ПАГРАЖАЮЦЬ НЕВЯДОМЫЯ

Любоў Лунёва, Менск

Напачатку прэсавай канфэрэнцыі Алег Воўчак паведаміў:

(Воўчак: ) "Калі я цяпер не падыму гэтага пытаньня, то са мной можа здарыцца тое ж, што з Ганчаром і з Захаранкам. У чацьвер мужчына па тэлефоне, не назваўшы сябе, нецэнзурна мяне аблаяў. Казаў, што я кепскі аўганец і каб я кінуў шукаць труп Завадзкага. Ён казаў, што я такім чынам раблю сабе імя. А з Захаранкам і Ганчаром усё зразумела — яны нягоднікі, і таму ня трэба іх шукаць.

Калі я ня кіну актыўна выступаць супраць праваахоўчых органаў, то са мной будзе тое ж, што і з Захаранкам. Я прапанаваў яму сустрэцца са мной, але ён адмовіўся і кінуў слухаўку. Нумар тэлефону вызначыўся на маім мабільніку, і я пайшоў у міліцыю, каб высьветліць ягоную асобу. Мінула два дні, а міліцыя нічога так і не зрабіла. Кажуць, што ў іх не працуе кампутарная база".

Алег Воўчак прыйшоў на прэсавую канфэрэнцыю са сваімі памочнікамі Ігарам Гайшуном і Сяргеем Стрыжанком. Яны паведамілі, што вывезьлі Петрушкевіча і Случака на дзьвюх машынах у Польшчу. Там былыя сьледчыя вырашылі зьвярнуцца ў амэрыканскую амбасаду, і цяпер яны ў Злучаных Штатах чакаюць палітычнага прытулку.

Ніякіх новых зьвестак пра справу Зьмітра Завадзкага журналісты так і не даведаліся. Алег Воўчак паведаміў, што магчыма неўзабаве былы генэральны пракурор Алег Бажэлка і былы старшыня КГБ Уладзімер Мацкевіч выступяць на расейскім тэлебачаньні з выкрыцьцём некаторых фактаў па справах зьніклых.

Сёньня ўвечары Алег Воўчак патэлефанаваў журналістам і паведаміў ім, што да яго прыходзілі два супрацоўнікі крымінальнага вышуку Савецкага ўпраўленьня ўнутраных справаў, але ён не адчыніў ім дзьверы.