Паводле Марка Данзона, беларуская мэдыцына вымушаная вырашаць у многім тыя ж праблемы, што й іншыя краіны эўрапейскага рэгіёну — СНІД, сухоты, вэнэрычныя хваробы ды іншае.
Я пацікавілася стаўленьнем спадара Данзона да экспэрымэнту ў беларускай мэдыцыне — падрыхтоўка лекараў агульнай практыкі для працы на вёсцы, гэткі аналяг дарэвалюцыйных земскіх лекараў.
(Данзон: ) "Лекары агульнай практыкі існуюць паўсюль. Гэта асноўны прыярытэт. Такія лекары мусяць быць блізкія да насельніцтва. Гэта тычыцца ня толькі вёскі, але й гораду.
Лекары агульнай практыкі могуць пракансультаваць ды аказаць мэдычную дапамогу, а пры неабходнасьці накіраваць да спэцыяліста".
Міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч назваў гэткую навацыю экстэнсіўным шляхам разьвіцьця мэдыцыны.
(Зелянкевіч: ) "Так больш цягнуцца ня можа. Аграмадная колькасьць вузкіх спэцыялістаў. Апошнія 20 гадоў нашыя ўчастковыя тэрапэўты зь лекараў агульнага профілю пераўтварыліся ў дыспэтчараў з вышэйшай адукацыяй.
Колькі лекараў ні выпускаем — а ўсё мала. Грошай усё роўна больш ня будзе. Ніколі мы ня будзем выдаткоўваць 15-20% унутранага сукупнага прадукту на мэдыцыну. Гэта ілюзія, утопія".
Паводле Ігара Зелянкевіча, цяпер у Беларусі ўжо каля 130 амбуляторыяў лекараў агульнай практыкі.
У часе візыту ў Беларусь спадара Данзона цікавілі й іншыя мэдычныя праблемы. Адказваючы на пытаньне пра стан псыхічнага здароўя беларусаў, ён зазначыў наступнае.
(Данзон: ) "Гэта такая ж складаная праблема, як і радыяцыя. Я мяркую, што мы яе будзе абмяркоўваць сёньня ўвечары".
Плянуецца, што спадар Данзон сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.