Навіны 23 жніўня 2000 г.

Віталь Тарас, Прага

"Мы хочам стварыць беларускі баталён у складзе ваенна-марскіх сілаў Расеі". – Аб гэтым усяго праз некалькі дзён пасьля катастрофы атамнай субмарыны "Курск" заявіў у інтэрвію нямецкай газэце Die Welt адмірал Ягораў, які камандуе Балтыйскім флётам. Былы міністар абароны Беларусі генэрал Павал Казлоўскі лічыць стварэньне такога баталёну неадпаведным нацыянальным інтарэсам.

У інтэрвію нямецкай газэце з нагоды заканчэньня сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў, адмірал Уладзімір Ягораў у прыватнасьці, сказаў: "Прэзыдэнт Пуцін, які наведаў флёт на пачатку жніўня, даў нашым дзеяньням вельмі высокую адзнаку. Ён сказаў: "Бліскуча!". Адмірал паведаміў, што вучэньні праводзіліся сумесна зь беларускімі калегамі. Паводле ягоных словаў, адбыліся выпрабаваньня зэнітна-ракетных сыстэмаў С-300, у часе якіх былі зьнішчаныя 5 марскіх цэляў і зьбітыя пяць ракет, якія ляцелі на вышыні 50 мэтраў.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта адносна пэрспэктываў ваеннага супрацоўніцтва Расеі й Беларусі, Ягораў сказаў наступнае: "Мы хочам, незалежна ад настрояў палітыкаў, стварыць беларускі баталён. Для гэтага зьбіраемся прыцягнуць беларускіх маракоў".

Вось як пракамэнтаваў гэтыя выказваньні былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Ягораў сёньня балятуецца на пасаду губэрнатара Калінінградзкай вобласьці… Хоча ісьці ў палітыку. Таму заява гэтая больш для выбаршчыкаў, чым для справы. Беларусі такі баталён не патрэбны – наша дзяржава сухапутная".

(Карэспандэнт: ) "Ці праўда, як кажа Ягораў, што ў Беларусі 200 тысячаў марскіх рэзэрвістаў?"

(Казлоўскі: ) "Я ня ведаю дакладную лічбу. Іх шмат, бо нашыя ўсюды добра служылі. А што да баталёну, дык якія інтарэсы ён будзе бараніць у калініградзкай групоўцы. Я сэнсу ў гэтым абсалютна ня бачу".

Па тэлефоне зь Менску гаварыў П. Казлоўскі

Да гэтага можна, хіба што, дадаць, што катастрофа атамахода "Курск" ня толькі не дадала прэстыжу расейскім войскам, у тым ліку марскому флёту, але зноў ясна паказала небясьпеку ваеннай палітыкі Расеі, да аб'яднаньня зь якой настойліва імкнеццца рэжым Лукашэнкі.