Навіны 23 траўня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня Дзяржкамітэту памежных войскаў генэрал Аляксандар Паўлоўскі лічыць, што галоўнай небясьпекаю для Беларусі ёсьць пашырэньне нелегальнае міграцыі, кантрабанда зброі ды наркотыкаў, а таксама вайскова-палітычная пагроза з боку краінаў NATO.

Пра гэтыя пагрозы генэрал Паўлоўскі казаў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі. Так, паводле ягоных словаў, найпершы вораг, што ймкнецца ў Беларусь, гэта крымінал. Генэрал Паўлоўскі паведаміў, што толькі за 4 месяцы сёлета беларускімі памежнікамі затрымана каля 700 парушальнікаў мяжы, немалую частку якіх складалі нелегалы з краінаў Афрыкі ды Азіі, сканфіскавана каля 20 кіляграмаў наркотыкаў, і нават затрымана на ўезьдзе ў Беларусь 12 міжнародных тэрарыстаў, якіх шукае "Інтэрпол".

Праўда, якім быў далейшы лёс гэтых тэрарыстаў і дзе яны цяпер знаходзяцца, генэрал Паўлоўскі распавядаць адмовіўся, спаслаўшыся на службовую таямніцу.

Кіраўнік памежнага ведамства фактычна прызнаў, што асноўная маса нелегалаў і крымінальнікаў трапляе ў Беларусь праз расейскую мяжу, на якой няма памежнае варты. Аднак, на думку Аляксандра Паўлоўскага, віны Расеі ў гэтым няма. Вось ягонае меркаваньне:

(Паўлоўскі: ) "Ёсьць такая тэндэнцыя – лічыць, што асноўная плынь нелегальных эмігрантаў ідзе з Расеі. Яна не з Расеі – яна проста йдзе праз Расею.

Расеі цяпер цяжка. У нас, напрыклад, не ўладкавана мяжа на працягу 2.200 кілямэтраў, а ў Расеі нявызначаная мяжа толькі з Казахстанам складае 11 тысячаў кілямэтраў. Але мы не абвінавачваем нашых калегаў, мы спрабуем ім дапамагчы", – паведаміў генэрал Паўлоўскі.

Ён таксама лічыць, што ў нелегальнай міграцыі празь Беларусь вінаватыя краіны Захаду зь іх лібэральным эміграцыйным заканадаўствам, якія вабяць афра-азіяцкіх уцекачоў.

Як небясьпечнае для Беларусі, Аляксандар Паўлоўскі разглядае ўступленьне ў NATO Польшчы й жаданьне ўвайсьці ў гэты альянс краінаў Балтыі.

(Паўлоўскі: ) "Калі казаць пра вайскова-палітычныя пагрозы, то іх узровень ніжэй, але ён ёсьць. Асабліва нас насьцярожвае актыўнае разьвіцьцё ў краінах Прыбалтыкі і ў Польшчы NATO'ўскіх пазыцыяў. Нашая дзяржава абвясьціла, што зьяўляецца міралюбівай краінаю, пагрозы ад Беларусі ня йдуць. Тады паўстае пытаньне: навошта NATO рухаецца на Ўсход?

У гэтым пляне мы таксама павінны ўлічваць пры дысьлякацыі частак і той момант, што можа быць верагодным зьяўленьне вайсковае пагрозы", – заявіў старшыня Дзяржкамітэту памежных войскаў.

А пакуль NATO актыўнае падрыхтоўкі да агрэсіі супраць Беларусі не вядзе, дык, паводле словаў генэрала Паўлоўскага, ягонае ведамства цяпер занятае пераважна зборам інфармацыі пра настроі ды перасоўваньні частак войскаў патэнцыйнага праціўніка.