Навіны 20 красавіка 2000 г.

Уладзімер Глод, Менск

Арганізатары гэтак званага "дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў" прынесьлі прабачэньні супрацоўніку Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Мішэлю Рывальле. Яны вымушаныя былі гэта зрабіць з-за паводзінаў прадстаўнікоў некалькіх пракамуністычных арганізацыяў.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 19 красавіка пад час чарговага паседжаньня экспэртаў у Выбарчым кодэксе ў рамках гэтак званага "дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў". Вядомыя сваімі камуністычнымі поглядамі Анатоль Баранкевіч – старшыня Беларускае Патрыятычнае партыі і Леанід Школьнікаў – намесьнік кіраўніка "Руху за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць" – нечакана запатрабавалі, каб супрацоўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Мішэль Рывальле пакінуў залю. Сваё жаданьне абодва патлумачылі аднолькава: маўляў, ня трэба нас вучыць, разьбярэмся без заходніх экспэртаў.

Між тым, спадар Рывальле трапіў на гэты сход зусім не выпадкова. Адмысловец у выбарчым заканадаўстве, ён на працягу ўжо двух гадоў адсочвае ў групе АБСЭ менавіта гэтую праблему. Ён кансультаваў і кансультуе на адных і тых жа ўмовах як прадстаўнікоў афіцыйных беларускіх уладаў, гэтак і палітычнай апазыцыі.

Пра нэйтральнасьць Мішэля Рывальле ўзгадаў Уладзімер Гудзееў, які старшыняваў на паседжаньні. Але пераканаць Анатоля Баранкевіча й Леаніда Школьнікава ня здолеў. Тады прапанова Баранкевіча й Школьнікава была пастаўленая на агульнае галасаваньне экспэртаў. Баранкевіч і Школьнікаў апынуліся ў мяншыні й дэманстратыўна пакінулі залю. А спадар Рывальле пасьля гэтае гісторыі адчуваў сябе ня вельмі ўтульна. Таму сёньня Юры Загумёнаў – кантактная асоба ў правядзеньні "дыялёгу" – вымушаны быў прынесьці яму прабачэньні.

Што тычыцца паводзінаў Баранкевіча й Школьнікава, дык сёньня супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Велічанскі меў зь імі адпаведную размову і, паводле нашых зьвестак, параіў надалей устрымлівацца ад падобных ініцыятываў.