Навіны 23 сакавіка 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

(эфір 22 сакавіка)
Сяргей Козар, студэнт 2 курсу геаграфічнага факультэту БДУ, які ўтрымліваўся пад вартаю ў Менскім СІЗА за напад на карэспандэнта тэлекампаніі НТВ Аляксандра Каўпакова пад час "Маршу Свабоды – 2", адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

З сёньняшняга дня Сяргей Козар можа наведваць заняткі ва ўнівэрсытэце: ён адпушчаны з-пад варты пад падпіску аб нявыязьдзе. Нагадаем: 15 сакавіка, напачатку "Маршу Свабоды – 2", Сяргей Козар ударыў у твар карэспандэнта НТВ Аляксандра Каўпакова.

У сьледчым аддзеле Савецкага РАУСу супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкулу 201 часткі 2 Крымінальнага кодэку (злоснае хуліганства, якое было ўчыненае з асаблівым цынізмам і скіраванае на парушэньне грамадзкага парадку), за што прадугледжанае пакараньне да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

На наступны дзень пасьля інцыдэнту Аляксандар Лукашэнка пад час сваёй паездкі ў Мікашэвічы параіў Аляксандру Каўпакову пашкадаваць хлопца – маўляў, той яшчэ малады й гарачы. 17 сакавіка карэспандэнт НТВ напісаў заяву сьледчаму, у якой прасіў сьледчыя ворганы спыніць крымінальную справу, спаслаўшыся на тое, што прэтэнзіяў да Сяргея Козара ня мае.

Але сьледзтва не сьпяшалася адразу вызваляць правапарушальніка з-пад варты. Крымінальная справа пакуль ня спыненая. Дэкан геаграфічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту спадар Пірожнікаў паведаміў "Радыё Свабода", што Сяргеем Козарам будзе займацца намесьнік дэкана ў вучэбна-выхаваўчай працы.

Я спытала дэкана: "Чаму Сяргей Козар выклікаў спачуваньне з боку ўладаў і дэканату, а вось Павал Севярынец, лідэр "Маладога Фронту", які таксама зьяўляецца студэнтам гэтага факультэту, быў выключаны з унівэрсытэту? І, калі супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа за ўдзел у апазыцыйнай акцыі, за яго ніхто не заступіўся?". Спадар Пірожнікаў ня здолеў даць пэўнага адказу, спаслаўшыся на тую абставіну, што, калі цкавалі Паўла Севярынца, ён яшчэ ня быў дэканам.