Урад Беларусі істотна скараціў сьпіс паказаньняў, паводле якіх жанчынам дазваляецца рабіць аборт на позьнім тэрміне цяжарнасьці — да 22-х тыдняў. Раней такіх паказаньняў было каля дзясятка, засталося тры. Меркаваньні лекара, псыхоляга, прадстаўніцы жаночай арганізацыі.
Аборт нават на пятым месяцы цяжарнасьці раней можна было зрабіць, калі жанчына альбо яе муж у турме, калі муж — інвалід, калі ёсьць дзіця-інвалід, калі ў жанчыны падчас цяжарнасьці памёр муж, калі ў жанчыны ўжо ёсьць трое дзяцей, каля яна разьвялася падчас цяжарнасьці, і нават — калі яе муж страціў працу. Цяпер такіх паказаньняў засталося тры: сур’ёзныя мэдычныя паталёгіі, калі жанчына была згвалтаваная і калі яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, 92% абортаў у краіне робіцца на раньніх тэрмінах цяжарнасьці — да 12 тыдняў.
На думку старшыні міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірыны Альхоўкі, дзяржава пайшла на кампраміс: для большасьці жанчын, нават калі яны ня пойдуць на аборт, важна мець такое права на раньніх тэрмінах цяжарнасьці.
Былы галоўны лекар-гінэколяг краіны, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сьвятлана Шылава, яшчэ калі практыкавала як лекар, выступала за тое, каб абмежаваць аборты на вялікіх тэрмінах. Яна сама рабіла такія апэрацыі і сьведчыць, што гэта маральна цяжка і дактарам:
«Перарываньне цяжарнасьці на позьніх тэрмінах небясьпечнае як для стану здароўя жанчыны (таму што гэта, у прынцыпе, штучныя роды), так і доктару маральна вельмі складана рабіць апэрацыю на такім тэрміне па сацыяльных паказаньнях. Таму гэтай забароны дамагаліся ня толькі рэлігійныя арганізацыі, гэтага даўно хацелі мэдычныя работнікі».
З 8% абортаў на позьніх тэрмінах толькі 1% выконваецца паводле сацыяльных паказаньняў, а не мэдычных, кажа Сьвятлана Шылава:
Сямейны псыхоляг і шматдзетная маці Натальля Ўдавенка выступае за тое, каб права выбару мела сама жанчына:
«Напэўна, гэтыя жорсткія абмежаваньні даюць падставу жанчыне задумацца аб кантрацэпцыі — гэта першае. Па-другое, калі гэта забаронена, калі такая безвыходнасьць — маўляў, я цяжарная, але ўжо не магу перарваць, бо забаронена, — магчыма, некаторым жанчынам гэта дапаможа. Жанчына тады вучыцца прымаць тое, што ёсьць. А з другога боку, я як шматдзетная маці магу сказаць, што калі жанчына рашаецца на такое, у яе ёсьць на гэта вельмі сур’ёзныя прычыны».
У Расеі ёсьць толькі адно паказаньне для перарываньня цяжарнасьці на позьніх тэрмінах — згвалтаваньне.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць абортаў у Беларусі скарачаецца: у 2000 годзе 121 900 жанчын штучна перарвалі цяжарнасьць, у 2011 годзе — 26 858.
У 2011 годзе нарадзілася 109 тысяч дзяцей, а магло б — на чвэрць болей.