Навіны 03 лістапада 1999 г.

Алесь Мікалайчанка, Маладэчна

(эфір 2 лістапада)
Вось ужо тыдзень маладзёвая сэкцыя Маладэчанскай рады ТБМ разам зь філіяй Маладога Фронту праводзяць акцыю пратэсту супраць забароны кіраўнікамі прафэсійнага камітэту Менскага аддзелу чыгункі правесьці ў адзіным на ўсё Маладэчна Палацы культуры традыцыйнага восеньскага фэсту беларускамоўных рок-гуртоў пад назовам «Рок-немаўля – 2».

Як зазначаюць лідэры ТБМ, у Маладэчне цягам апошняга году звычайнай зьяваю сталіся забароны імпрэзаў, зьвязаных зь беларускай гісторыяй ды беларускай моваю. Вечарыны, канцэрты , пікеты мяйсцовыя ўлады забаранялі ў сакавіку, ліпені і ў жніўні, а тутэйшыя міліцыянты наладжвалі хапуны ды затрыманьні сярод публікі й артыстаў.

Наша радыё паведамляла пра тое, што старшыня афіцыйнага прафэсійнага камітэту сталічнага аддзелу чыгункі спадар Пятровіч не дазволіў актывістам маладзёвай сэкцыі ТБМ правядзеньне ў сярэдзіне гэтага месяцу традыцыйнага фэсту беларускамоўных і англамоўных нацыянальных рок-гуртоў "Рок-немаўля – 2". Гэтае рашэньне падтрымалі й чыноўнікі гарадзкога выканаўчага камітэту.

Але зараз моладзь вырашыла пратэставаць супраць забароны. І наладзіла акцыю, якая не запатрабавала санкцыі ад уладаў.

Вось што распавёў мне сябра маладзёвай сэкцыі Маладэчанскае рады ТБМ, кіраўнік філіі Маладога Фронту Сяргей Юркевіч:

(Юркевіч: ) "Мы арганізавалі акцыю пратэсту… Нядаўна у Маладэчне зьявілася новая маладзёвая газэта – супольная газэта Маладога Фронту і клюбу "Грунвальд". Яна называецца "Вольны ліцьвін".

І гэтую інфармацыю мы падалі ў нашай газэце. Там такія тэлефоны: намесьніка старшыні выканкаму Жук Тацьцяны Браніславаўны – 51-22, тэлефоны старшыні Маладэчанскага выканкаму Татарыновіча Станіслава Каснтантынавіча, тэлефон прафсаюза Менскага аддзяленьня чыгункі Пятровіча Антона Антонавіча. Гэта азначае, што кожны чалавек, нязгодны з пазыцыяй, палітыкай нашых уладаў на тое, каб забараніць нам праводзіць такія імпрэзы, тэлефанаваў у наш маладэчанскі выканкам і выказваў свой пратэст. Безумоўна, нашыя чыноўнікі гэтым ня вельмі задаволеныя".

Гэта быў расповед пра сваю тэлефонную акцыю пратэсту Сяргея Юркевіча.