Сёньня

Вярхоўны суд не задаволіў просьбы адвакаткі Тацяны Станкевіч пра перагляд крымінальнай справы дэпутата Ўладзімера Кудзінава. Адвакатка аднак сьцьвярджае, што гэта ня ёсьць адмовай судзьдзяў перагледзець справу Кудзінава й датэрмінова выпусьціць яго на волю.

Ужо 3-га студзеня, на наступны дзень па ўвядзеньні новага Крымінальнага кодэксу, адвакатка Тацяна Станкевіч накіравала ў Вярхоўны суд хадайніцтва пра перагляд справы Ўладзімера Кудзінава. Паводле новага закону, Кудзінаў ужо адбыў тэрмін пакараньня.

Тацяна Станкевіч спадзявалася, што справу без затрымак перагледзяць і ўжо празь месяц ці два Кудзінаў будзе на волі. Аднак адказ, які прыйшоў днямі зь Вярхоўнага суду, аддаляе гэтую падзею на няпэўны тэрмін.

Тацяне Станкевіч паведамілі, што згодна з новым Крымінальна-працэсуальным кодэксам прасіць аб пераглядзе справы мае права толькі сам зьняволены. Раней Уладзімер Кудзінаў катэгарычна адмаўляўся прасіць суд пра памякчэньне прысуду. Не жадаў ён зьвяртацца да А.Лукашэнкі й з просьбамі пра амністыю, казаў, што не прызнае сваёй віны.

"Спадзяюся, Уладзімер Кудзінаў зразумее, што гэты выпадак — зусім іншае, і ягоны зварот да судзьдзяў сапраўды неабходны. Падрабязныя тлумачэньні, што трэба напісаць у хадайніцтве ў Вярхоўны суд, мой падабаронны ад мяне ўжо атрымаў", — паведаміла Радыё Свабода адвакатка Станкевіч.

Адвакатка Кудзінава ня лічыць, што адмова ў вырашэньні ейнага хадайніцтва сьведчыць пра нежаданьне судзьдзяў выпусьціць Кудзінава на волю. "Гэта чыста тэхнічная праблема, якая проста павінна інакш вырашацца", — тлумачыць Тацяна Станкевіч.

Між тым, Т.Станкевіч згодная, што дзень, калі Кудзінаў выйдзе на волю, цяпер адкладаецца на няпэўны тэрмін. "Я ўсё ж спадзяюся, што недзе ўвесну гэта адбудзецца", — кажа адвакатка.

Судзьдзі не выключаюць, што перагляд справаў паводле новых кодэксаў расьцягнецца нават на два-тры гады. Пра гэта гаварылі на нарадзе ў Вярхоўным судзе Беларусі, што адбылася мінулым тыднем ў Менску.

Каб паскорыць працэс вызваленьня, судзьдзі зьвярнуліся да кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў з просьбай найперш дасылаць на перагляд справы тых асуджаных, якія свой тэрмін ужо адбылі. Менавіта гэткая сытуацыя ў справе Ўладзімера Кудзінава.

Алег Грузьдзіловіч, Менск