Разам са скасаваньнем грошай старога ўзору ды ліцэнзіяў
на валютны гандаль Нацыянальны банк Беларусі з 1 студзеня ўвёў у абарот
новую банкноту, а таксама забараніў расейскім фірмам адкрываць рахункі
ў беларускіх банках без дазволу Цэнтрабанку Расеі.
З 1 студзеня Нацыянальны банк выдаў новую купюру — вартасьцю ўсяго 20
рублёў. Нагадаю, што на звычайнай банкноце гэтага наміналу адлюстраваны
будынак Нацбанку. Шэсьць гадоў таму гэтая купюра — тады найбуйнейшая, коштам
20 тысячаў — упершыню зьмяшчала подпіс старшыні ўправы галоўнага банку
Беларусі (тады ім быў Станіслаў Багданкевіч). Цяперашні галоўны банкір
Пётра Пракаповіч таксама вырашыў зрабіць 20-рублёўку векапомнаю, хоць і
без свайго подпісу.
Як паведаміў сёньня Нацбанк, памятная банкнота вартасьцю 20 рублёў узору
2000 году мае адмысловы штамп з фольгі — лягатып “НБРБ” ды лічбы “1991—2001”.
Гэтая купюра прысьвячаецца 10-годзьдзю Нацыянальнага банку. Яна зьмешчаная
ў спэцыяльную ўпакоўку-буклет, дзе таксама намаляваны будынак Нацбанку,
а яшчэ ёсьць гравюра старога Менску. На жаль, яе змогуць пабачыць ня ўсе
жыхары Беларусі, бо купюра выдаецца абмежаваным накладам — пяць з паловай
тысячаў асобнікаў.
Сёньня ж Нацыянальны банк паведаміў і пра больш сур’ёзныя рэчы. На чарговым
паседжаньні ягонае ўправы, як сьцьвярджае прэс-рэліз, “удасканаленыя разьлікі
з рэзыдэнтамі Расейскае Федэрацыі”. Насамрэч расейскім фірмам проста забаранілі
адкрываць бягучыя рахункі ў беларускіх банках без дазволу Цэнтральнага
банку Расеі. Цяпер, каб заплаціць за імпартовыя тавары ці паслугі зарэгістраваным
у Расеі фірмам, прычым у любой валюце, трэба пералічваць грошы ў расейскія
банкі, альбо, калі ёсьць дазвол Цэнтрабанку, у банкі іншых краінаў.
Беларускі Нацбанк забараніў таксама разьлікі з рэзыдэнтамі скандальна
вядомай расейскай афшорнай зоны з назовам “Цэнтар міжнароднага бізнэсу
ІНГУШЭЦІЯ”, калі гэтыя разьлікі вядуцца за тавары, што ўвозяцца з тэрыторыі
адзінае мытнае прасторы.
Зацьверджаныя і правілы вяртаньня фізычным асобам замежнае валюты, якую
яны паклалі ва ўпаўнаважаныя банкі (гэта 6 найбуйнейшых камэрцыйных банкаў
Беларусі). Правілы будуць дзейнічаць ужо з 1 лютага. Яны прадугледжваюць
вяртаньне валюты па першым патрабаваньні ўкладчыкаў у поўным аб’ёме і нават
з налічанымі працэнтамі.
Юры Сьвірко, Менск