Сёньня

У Горадні вэртыкаль арганізавала выбары належным чынам. На 12 гадзінаў прагаласавала 34,6 адсоткі выбаршчыкаў. На некаторых участках выбары адбыліся датэрмінова.

На адным з такіх участкаў я пабываў з прадстаўнікамі Гэльсынскага камітэту Аляксандрам Антанюком і Алегам Сідзігаевым. Участак №29 Цэнтральнай выбарчай акругі №52. Тут знаходзяцца рабочыя інтэрнаты, вайсковая частка, інтэрнат, дзе жыввуць засуджаныя да працы на будоўлях народнай гаспадаркі. Датэрмінова 53 адсоткі выбаршчыкаў прагаласавалі. Сёньня на 11:30 – усе 64 адсоткі. Жыхароў інтэрнатаў прымушалі ісьці галасаваць, салдат прыводзілі цэлымі ўзводамі.

Назіральнікамі БГК толькі пад час датэрміновага галасваньня было складзена 50 пратаколаў аб парушэньнях працэдуры выбараў. Ёсьць факты, калі з прадпрыемстваў вазілі рабочых на ўчасткі аўтобусамі альбо адпускалі раней з працы, каб яны ішлі галасаваць. У горадзе былі масава парушаныя правілы перадвыбарчай агітацыі – улёткі расклееныя ў грамадзкім транспарце і на шыбах прадуктовых крамаў, што забаронена. Але ніхто іх не зрываў. Зрываліся толькі ўлёткі з заклікам байкатаваць выбары.

Адзін старшыня сельсавету з Гарадзенскага раёну прызнаўся, што ў ягоным жыцьці гэта ўжо 20-я выбары, калі лічыць з паўторнымі, але гэткага татальнага кантролю з боку ўладаў і змушэньня галасаваць ніколі дагэтуль не было.

Паводле словаў старшыні гарадзенскай філіі БГК Антанюка, мы зьяўляемся сьведкамі таго, як камандна-адміністрацыйная сыстэма была пасьпяхова ўвасобленая ў выбарчы працэс. Пра што можна гаварыць, калі старшыня гарвыканкаму Пашкевіч, прагаласаваўшы датэрмінова, заклікаў усіх гараджанаў пайсьці за ягоным прыкладам?

Сяргей Астраўцоў, Горадня