Сёньня

Сёньня арганізатары акцыі, што адбылася на Дзень Волі ў Пінску, былі выкліканыя а 10-й гадзіне ў мясцовы ГАУС. 25 сакавіка ў Пінску прайшоў мітынг-канцэрт, у якім узялі ўдзел каля трохсот чалавек. Міліцыянты склалі пратаколы на Віктара Ярашука і Алеся Моргаля і накіравалі абодвух у суд.

Напярэдадні ў гарвыканкаме арганізатарам акцыі Віктару Ярашуку і Алесю Моргалю прапанавалі даць расьпіску, што пад час мітынгу яны ня будуць выкарыстоўваць ніякай нацыянальнай сымболікі, бо заяўка была падазеная ў выканкам ад імя грамадзянаў, а не палітычных партыяў, якія маюць нацыянальныя сьцягі ў якасьці афіцыйна зацьверджанай сымболікі. Аднак зрабіць гэта арганізатары адмовіліся.

Натуральна, што мітынг на Дзень Волі прайшоў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Менавіта абвінавачаньні ў незаконным выкарыстаньні сымболікі і былі прад’яўленыя сёньня ў міліцыі спадаром Моргалю і Ярашуку. Ім паказалі таксама фотаздымкі выступоўцаў і ўдзельнікаў мітынгу, некаторыя зь якіх трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Аргінізатары з абвінавачаньнем не пагадзіліся, паколькі асабіста яны ніякіх сьцягоў пад час мітынгу не трымалі, а былі занятыя арганізацыйнымі пытаньнямі. Дарэчы, аб гэтым сьведчаць і апэратыўныя здымкі. Нягледзячы на гэта, міліцыянты склалі на арганізатараў акцыі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Копію патакола актывістам выдаць адмовіліся і прапанавалі адразу ісьці ў суд. Аднак на просьбу Віктара Ярашука, які хутка мусіць зьяжджаць у Варшаву на тыднёвую вучобу, судовае паседжаньне перанесенае на 10 красавіка.

Адзін з арганізатараў мітынгу-канцэрту, старшыня Пінскай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Алесь Моргаль так пракамэнтаваў сёньняшні візыт у міліцыю для нашага Радыё:

“Абвінавачаньні, якія былі сёньня нам пра’яўленыя як арганізатарам мітынгу, ня маюць пад сабой ніякіх падставаў і сьведчаць толькі аб тым, што ўлады баяцца свайго народу і дзейнічаюць, мякка кажучы, некарэктна. Калі б былі падставы для прыцягненьня нас да крымінальнай адказнасьці, чаму гэта не было зроблена адразу пад час мітынгу, прылюдна? Суд прызначаны на 10 красавіка. Будзем рыхтавацца да суду”.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск