Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў

Мая незабыўная сустрэча з Бацькаўшчынай пасьля 50 гадоў 13 лютага 1992 году а 8-й гадзіне раніцы, калі я цягніком з Варшавы прыехаў у Менск. Спатыкалі зь кветкамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі. Прыступ радасьці напоўніў мяне, я ўкленчыў, перахрысьціўся, пацалаваў беларускую зямельку, і тут заўважыў асобу ў расе. Папрасіў яе багаславенства. Ераманах Іаан багаславіў і сказаў: “Мітрапаліт Філярэт запрашае”.

15 лютага было сьвята Грамніцы, і я адправіўся ў Сьвята-Духаўскі сабор, дзе служыў мітрапаліт Філярэт. Вакол сабору мноства людзей рознага веку са сьвечкамі слухалі праз галасьнікі багаслужэньне, бо ў саборы не было месца малельнікам.

Я стаў прабірацца да царкоўных дзьвярэй, але пачукў, як хтосьці пацягнуў за паліто, і я азірнуўся. Пабачыў ераманаха Івана. Ён паясьніў, што пасланы празь мітрапаліта прывесьці мяне ў сабор.

Багаслужэньне закончылася, уладыка Філярэт выйшаў і пачаў казаньне. Калі скончыў – падклікаў мяне да сябе і прыцішаным голасам сказаў: “Даю табе права прывітаць суродзічаў”. Я разгубіўся, анямеў на хвіліну, бо ня чуў, ня бачыў і не чытаў, каб сьвецкая асоба, звыклы чалавек, удастойваўся права з амбона прамаўляць да народа.

Набраўшы ў грудзі паветра, прамовіў: “Вітаюць вас суродзічы-беларусы з Амэрыкі, якія зычаць вам здароўя і ўсяго найлепшага”.

Гэта было восем год таму, але падзеі стаяць перад вачыма так, быццам адбыліся ўчора.

Міхась Белямук