Базан: Раней гнаілі ў лягерах, цяпер знайшлі іншыя спосабы

Роўна два гады таму спыніла сваё існаваньне «Аўтарадыё».
12 студзеня 2011 году Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні пад кіраўніцтвам міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага паставіла калектыў «Аўтарадыё» перад фактам згортваньня вяшчаньня.

Станцыю зьвінавацілі ў «распаўсюдзе матэрыялаў, якія ўтрымліваюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Да «экстрэмісцкіх матэрыялаў», якія прагучэлі ў эфіры, чыноўнікі аднесьлі перадвыбарчыя ролікі кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава.

І хоць тэксты зваротаў да выбарцаў друкавалі ў тым ліку і дзяржаўныя СМІ, за ўсіх адказала толькі «Аўтарадыё». Найперш — за словы лідэра кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Саньнікава, агучаныя ім жа самім: «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчах».

Спачатку суд стаў на бок пацярпелых, але неўзабаве кардынальна зьмяніў пазыцыю і апраўдаў фактычную ліквідацыю «Аўтарадыё». За прамінулыя два гады, як кажа дырэктар радыёстанцыі Юрый Базан, нічога ў статусе станцыі не зьмянілася:

Юрый Базан

«У апошнія два гады — і, напэўна, ня толькі ў „Аўтарадыё“ — суцэльна сумныя даты. Усе нашы звароты ў Міністэрства інфармацыі — гэта абсалютна бессэнсоўны занятак, таму што гэта якраз той орган, які нас і зачыняў. Прычым, зачыняў на пустым месцы. Звароты ў судовыя органы таксама бессэнсоўныя, паколькі ў нас больш няма судовай сыстэмы — незалежнай сыстэмы, якая б судзіла хоць па якімсьці законе. Таму, напэўна, адзінае, што можа вярнуць „Аўтарадыё“ ў эфір — гэта час. Час, спадзевы многіх людзей на тое, што сытуацыя ў краіне зьменіцца.

Але гэта павінны зрабіць самі людзі, само грамадзтва. Калі яно хоча жыць у сваволі, у беспакаранасьці ўлады, у тым, што зараз чыніцца, — значыць, яно так і будзе жыць. „Аўтарадыё“ — гэта толькі яскравы прыклад, як можна проста, лёгка растаптаць і зьнішчыць тое, што было створана для людзей. Іншымі словамі, гэта тычыцца ня толькі „Аўтарадыё“, гэта тычыцца наогул усіх грамадзянскіх інстытутаў грамадзтва. Тут усё растаптана ўжо… Такое адчуваньне, што распачаты сапраўдны генацыд, зьнішчаюць усіх няўгодных. Толькі калі раней гнаілі ў лягерах, то цяпер знайшлі іншыя спосабы».

9 сакавіка 2011 году Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўдным папярэджаньне Міністэрства інфармацыі, а таксама рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні аб спыненьні вяшчаньня радыёстанцыі. Аднак ужо 17 сакавіка касацыйная калегія таго ж суду адмяніла ранейшае рашэньне, накіраваўшы справу на паўторны разгляд. Наступныя паседжаньні нічога добрага калектыву «Аўтарадыё» не прынесьлі — 10 траўня таго ж году касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду канчаткова адхіліла скаргу кіраўніцтва радыёстанцыі аб прызнаньні рашэньня спыніць вяшчаньне несапраўдным.