ЗША асудзілі выступ Асада

Башар аль-Асад выступае ў опэры ў Дамаску, 6 студзеня 2013 году.

ЗША асудзілі зварот да нацыі прэзыдэнта Сырыі Асада, у якім ён абвінаваціў «змоўцаў і тэрарыстаў» ва ўзброеным канфлікце, заклікаў народ да мабілізацыі і падзякаваў за дапамогу Расеі, Кітаю і Ірану.
У заяве Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што прапанаваны Асадам мірны плян «адарваны ад рэальнасьці» і зьяўляецца нічым іншым, як чарговай «спробай рэжыму ўхапіцца за ўладу».

Апазыцыя, якая раней называла галоўнай умовай разьвязаньня крызісу сыход з палітычнай сцэны Башара Асада, холадна ўспрыняла яго словы, назваўшы дзеяньні прэзыдэнта спробай сарваць дыпляматычнае вырашэньне канфлікту.

Прадстаўнікі Эўразьвязу паўтарылі заклік да Асада сысьці ў адстаўку для вырашэньня палітычнага крызісу ў Сырыі.

Прэзыдэнт Сырыі Башар аль-Асад абвясьціў у нядзелю новую ініцыятыву, якая мае на мэце аднавіць мір у яго краіне — склікаць канфэрэнцыю нацыянальнага замірэньня і пачаць распрацоўваць новую канстытуцыю.

Выступаючы на тэлебачаньні ўпершыню ад лістапада, ён адхіліў магчымасьць перамоваў, паводле яго слоў, з апазыцыйнымі «марыянэткамі». Як заявіў Асад, яго ініцыятыва мае шанец ажыцьцявіцца толькі ў выпадку, калі краіны Захаду і суседнія арабскія краіны перастануць фінансаваць «крымінальнікаў-забойцаў», як ён назваў сваіх супернікаў.

Паводле ацэнак ААН, абвешчаных на пачатку месяца, за 21 месяц канфлікту і баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі ўзброенай апазыцыі ў Сырыі загінулі больш за 60 тысяч чалавек. Упершыню ацэнкі ААН перавысілі зьвесткі сырыйскай апазыцыі, якая заяўляла пра больш чым 46 тысяч загінулых.