Дэпутаты ўхвалілі забарону на звальненьне

На іх думку, прэыздэнцкі дэкрэт не супярэчыць нормам заканадаўства. Супраць прагаласаваў адзін дэпутат.
17 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі да ведама прэзыдэнцкі дэкрэт ад 7 сьнежня 2012 году «Аб дадатковых захадах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці». За гэта прагаласавалі 102 дэпутаты, супраць галасаваў адзін дэпутата, два не галасавалі.

Міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна сказала, што дэкрэт дазваляе скасаваць кантракты працоўным толькі з дазволу наймальніка. Прычым, гэта правіла распаўсюджваецца да заканчэньня тэрміну інвэстыцыйнага праекту. У сувязі з гэтым будуць заключацца новыя кантракты і перазаключацца старыя. Для работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці будуць уводзіцца дадатковыя штомесячныя выплаты. «Іх памер будзе вызначаць кіраўнік канкрэтнага прадпрыемства, — сказала Марыяна Шчоткіна. — Выплаты могуць быць і аднолькавыя для ўсіх, і дыферэнцаваныя».

Калі ж хтосьці сыходзіць на новую працу, дык ён павінен вярнуць гэтыя штомесячныя выплаты прадпрыемству цягам аднаго месяца. Калі ён гэта ня зробіць, прадпрыемства зьвяртаецца ў суд і вяртае грошы праз судовыя органы. Калі ж чалавек сышоў з дрэваапрацоўчага прадпрыемства і не ўладкаваўся на новую працу, дык ён мусіць вярнуцца на дрэваапрацоўчае прадпрыемства і выплаціць тыя грошы, якія атрымліваў штомесячна ў якасьці выплатаў. Вось такі мэханізм дзеяньня гэтага дэкрэту.

Старшыня камісіі па заканадаўстве Мікалай Самасейка, выступаючы перад дэпутатамі, сказаў, што на яго думку, як юрыста, гэты дэкрэт не супярэчыць нормам заканадаўства, і заклікаў дэпутатаў прагаласаваць за тое, каб падтрымаць прэзыдэнцкі дэкрэт.