Прэзыдэнцкая сьвечка за беларускіх палітвязьняў

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі разам з жонкай запалілі мінулае начы ў вакне прэзыдэнцкага палацу зьніч на знак салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.
Сымбалічная сьвечка памяці была запаленая ў гадавіну ўвядзеньня ў Польшчы ваеннага становішча (ноч з 12 на 13 сьнежня 1981 году). Сам цяперашні прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі быў тады інтэрнаваны.

«Я б вельмі хацеў, каб успамінаючы тую цяжкую, балючую, а часам і драматычную ноч, мы ўсе падумалі на лёсам палякаў і ўсіх тых, хто надалей вымушаны змагацца за сваю свабоду», – заявіў прэзыдэнт Камароўскі.

Запаліць зьнічы а 19.30 польскага часу (а ў часе ваеннага становішча так рабілі мільёны палякаў, каб падтрымаць «Салідарнасьць» і дэманструючы адначасова ігнараваньне выпуску навінаў на дзяржаўным тэлеканале, які акурат пачынаўся а 19.30), прэзыдэнт Камароўскі заклікаў і ўсіх палякаў.

Паведамленьне на сайце польскага прэзыдэнта