Нацбанк: рублі лепей за даляры

Курс на тое, што прыбытак укладчыкаў у беларускіх рублях павінен быць вышэйшым за прыбытак тых, хто трымае грошы ў валюце, захаваецца і ў 2013 годзе.
Пра гэта сёньня заявіў журналістам у Палаце прадстаўнікоў першы намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Мікалай Лузгін.

Ён таксама сказаў, што нацыянальны банк не плянуе канкрэтнага курса беларускага рубля адносна даляра ЗША на 1 студзеня 2013 года. «Мы праводзім стрыманую палітыку: у адзін дзень прадаем больш валюты, у другі —— больш купляем», — адзначыў спадар Лузгін.

Мікалай Лузгін паведаміў, што беларускія ўлады пачалі працу па выкананьні абавязкаў Беларусі перад Эўразійскім банкам разьвіцьця на атрыманьне пятага траншу гэтага банку. Што тычыцца чацьвёртага траншу ў памеры 440 мільёнаў рублёў, які Беларусі выдзелілі на мінулым тыдні, дык спадар Лузгін сказаў, што ён ня ведае, ці гэтыя грошы ўжо дайшлі да Беларусі. «Гэта пытаньне да Міністэрства фінансаў, а не да Нацбанку», — сказаў ён.