Лукашэнка прапануе клапаціцца пра жыльлё самім

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дзяржава дапаможа вырашыць жыльлёвае пытаньне толькі асобным катэгорыям насельніцтва, а астатнія павінны пра гэта паклапаціцца самі.
«Спадзявацца, што дзяржава ўсім пабудуе жыльлё, кватэры, дамы, як і спадзявацца на тое, што дзяржава дасьць усім ільготны крэдыт пад 5%, — гэтыя надзеі трэба адкінуць», — сказаў Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях жыльлёвага будаўніцтва, перадае Інтэрфакс.

Кіраўнік краіны адзначыў, што дзяржава з аб’ектыўных прычын ня можа ў ранейшых аб’ёмах фінансаваць жыльлёвае будаўніцтва.

«Я катэгарычна не задаволены тэмпамі будаўніцтва жыльля і наагул будаўніцтвам у нашай краіне. Да гэтага мы яшчэ вернемся, і вельмі шкада, што пры гэтым мы можам страціць як чыноўнікаў, так і будаўнікоў», — заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, «у цяперашніх умовах пэрыяд чаканьня грамадзян у чарзе складае больш за 20 гадоў. Калі тэмпы жыльлёвага будаўніцтва не нарасьціць, то гэты тэрмін павялічыцца яшчэ больш».